Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КНГ АБСЭ ВЫСТУПІЛА З НОВАЙ ІНІЦЫЯТЫВАЙ АБ ПАЧАТКУ ДЫЯЛЁГУ ПАМІЖ УРАДАМ І АПАЗЫЦЫЯЙ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня падчас паседжаньня Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Ганс-Георг Вік паведаміў, што накіраваў у Міністэрства замежных справаў Беларусі прапановы пачаць кансультацыі паміж урадам і апазыцыяй адносна ўмоваў правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.

Гэты дакумэнт ахоплівае тры з чатырох вядомых умоваў, што вызначыла міжнародная супольнасьць дзеля прызнаньня выбараў у Беларусі дэмакратычнымі й справядлівымі. З парадку дня выкрасьлілі толькі абмяркаваньне функцыяў і паўнамоцтваў беларускага парлямэнту, паколькі гэтае пытаньне ня тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў.

Акрамя таго, Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ выйшла з прапановай павялічыць колькасьць міжнародных экспэртаў, якія маглі б выступіць у ролі трацейскіх судзьдзяў, калі бакі ня здолеюць паразумецца.

Каб правесьці прэзыдэнцкія выбары паводле міжнародных стандартаў, неабходна забясьпечыць неўмяшальніцтва "вэртыкалі" ў выбарчы працэс, дакладна патлумачыць, хто можа вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта, скончыць практыку скарачэньня сьпісу выбаршчыкаў (як было падчас абраньня так званай Палаты прадстаўнікоў).

Дарэчы, як лічыць кіраўнік экспэртнай групы па заканадаўстве пры Кансультацыйнай радзе Міхаіл Пліска, можна абысьціся і безь зьмяненьня Выбарчага кодэксу.

(Пліска: ) "Палажэньні пра тое, як накіроўваюцца назіральнікі на выбарчыя ўчасткі, прымаюцца ў адпаведнасьці з пастановай Цэнтральнай выбарчай камісіі. І тут сапраўды шмат чаго можна зрабіць.

Зараз ёсьць абмежаваньне, што ад арганізацыі могуць быць накіраваныя толькі ейныя члены. Ёсьць пастанова, і выбарчыя камісіі мусяць яе выконваць. Гэтае абмежаваньне можна зьняць. Каб ня толькі членаў арганізацыі можна было накіроўваць назіральнікамі на выбарчыя ўчасткі, але й проста тыя людзі, якіх упаўнаважыла гэтая арганізацыя", — мяркуе кіраўнік групы экспэртаў па заканадаўстве Міхаіл Пліска.

5 сакавіка пачнецца візыт у Беларусь парлямэнцкай тройкі з удзелам спадароў Сэвэрына, Дэвіса й Вірсмы. Галоўная мэта візыту — цягам прэзыдэнцкіх выбараў прадухіліць тыя парушэньні, што былі зафіксаваныя пры правядзеньні парлямэнцкіх выбараў.

XS
SM
MD
LG