Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЕ СВАІХ АМБАСАДАРАЎ НЕ ПРЫНІЖАЦЦА


Юры Сьвірко, Менск

Як і чакалі, сёньня ў часе сустрэчы зь беларускімі амбасадарамі ў замежных краінах Аляксандар Лукашэнка даў ім заданьне ажыцьцявіць "замежнапалітычнае забесьпячэньне" сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў.

"Трэба выключыць мажлівасьць ажыцьцяўленьня правакацыяў вакол Беларусі", — заявіў спадар Лукашэнка. Ён, з аднаго боку, пазытыўна ацаніў працу беларускіх дыпляматычных місіяў у часе кастрычніцкіх выбараў у "Нацыянальны сход", аднак, зь іншага боку, заявіў, што летась Міністэрства замежных справаў зрабіла памылку, калі ўгаворвала іншыя дзяржавы ды арганізацыі накіраваць у Беларусь назіральнікаў за выбарамі.

"Хопіць прыніжацца, кланяцца ды схіляцца", — заклікаў Аляксандар Лукашэнка сваіх амбасадараў. Паводле ягоных словаў, "выбары — гэта ўнутраная справа дзяржавы".

Кіраўнікі дыпмісіяў атрымалі загад "палепшыць працу з пазытыўнага ўспрыняцьця" Беларусі, прычым гэтая задача, паводле словаў спадара Лукашэнкі, ёсьць адной з найвастрэйшых ў замежнай палітыцы.

Аляксандар Лукашэнка выказаў сёньня гатовасьць працаваць з усімі міжнароднымі арганізацыямі, улучна з АБСЭ ды ейнай групай у Менску, аднак адразу папярэдзіў: "Мы ня можам дапусьціць, каб Кансультацыйна-назіральная група ўмешвалася ва ўнутрапалітычны працэс".

Што да інтэграцыі з Расеяй, дык Захад, на думку Лукашэнкі, бачыць спробу аднавіць Савецкі Саюз, і менавіта таму "нас спрабуюць раздавіць ды растаптаць".

"Справа не ў Лукашэнку ды не ў дыктатуры, — упэўнены ён. — На Ўсходзе ўлада ў спадчыну перадаецца, але ў тамтэйшых кіраўнікоў найлепшыя сябры — ЗША", — заявіў спадар Лукашэнка.

Што да ягоных сяброў, дык "лепшых дачыненьняў паміж двума прэзыдэнтамі саюзных краінаў — Беларусі ды Расеі — ня мае ніхто".

"Мне ня важна, якая тэмпэратура ў Крамлі. Асабістыя дачыненьні ў нас цудоўныя. Іншае мяне не цікавіць", — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Ён таксама зазначыў, што саюзная дзяржава Беларусі й Расеі будзе разьвівацца выключна на раўнапраўнай аснове.

"Калі нам прапануюць ў якасьці адзінага эмісійнага цэнтру Цэнтрабанк у ягоным цяперашнім стане, дык ні пра які саюз ня можа ісьці гаворкі", — паведаміў спадар Лукашэнка сваім амбасадарам.


XS
SM
MD
LG