Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗЯНІН КАСЬПЯРОВІЧ СУДЗІЦЦА З ТЭЛЕБАЧАНЬНЕМ ЗА ПАКЛЁП


Любоў Лунёва, Менск

Спадар Касьпяровіч намагаецца праз суд прымусіць дзяржаўнае тэлебачаньне абвергнуць выказваньні, якія прагучалі летась у верасьні ў перадачы “Макаёнка, 9”.

Прадпрымальніка назвалі сквапным, сьцьвярджалі, што ён захапіў бацькаву хату й на ейным месцы пабудаваў вялікі дом. Гэтых фактаў праверка не пацьвердзіла.

(Касьпяровіч: ) "Гэты пазоў я быў вымушаны падаць. Я прадпрымальнік і плачу падаткі, якія, між іншым, ідуць і на ўтрыманьне тэлебачаньня.

Мне незразумелая палітыка БТ. Зрабілі такі рэпартаж: калі прадпрымальнік — дык несумленны чалавек. Выходзіць, што я захапіў маёмасьць сваіх родных ды ўвогуле нейкі садыст. Гэта пры тым, што маці цалкам на маім утрыманьні.

Маё тэлебачаньне за мае ж грошы мяне яшчэ й абражае. Я ўсё сваё жыцьцё зарабляў сабе аўтарытэт, каб людзі мне давяралі. Сумленна працаваў, нідзе нічога ня скраў. Дык што, каб я быў жабраком, дык быў бы добрым грамадзянінам?

Мне зрабілі вялізную маральную шкоду. Калі судзьдзя будзе кіравацца законам, то й рашэньне будзе на маю карысьць", — паведаміў Сяргей Касьпяровіч.

Нагадаем, што ў Першамайскім судзе апошні год разглядалі толькі два пазовы да дзяржаўнага тэлебачаньня: першы — гэта справа Веры Цярлюкевіч за рэпартаж пра Марш Свабоды, другі — пазоў звольненага карэспандэнта БТ Яраслава Беклямішчава, які днямі атрымаў прытулак у ЗША.

У першым выпадку суд адхіліў пазоў, у другім — задаволіў часткова. Сёньняшняе паседжаньне ў справе Сяргея Каспяровіча — не апошняе. Працяг справы будзе напрыканцы месяца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG