Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНАЯ АКЦЫЯ 25 САКАВІКА ПРОЙДЗЕ Ў ЦЭНТРЫ МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На старшыню аргкамітэту сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці БНР абралі доктара гістарычных навук Анатоля Грыцкевіча.

Сёлетняе сьвяткаваньне пачнецца 15 сакавіка, на Дзень Канстытуцыі, калі апазыцыйныя партыі й Вярхоўны Савет правядуць круглы стол на тэму гістарычнай важнасьці Акту 25 Сакавіка, а таксама абмяркуюць праблемы, зьвязаныя зь сёлетняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй. На 15 сакавіка таксама заплянаванае й адкрыцьцё выставы мастацкай суполкі "Пагоня", прысьвечанай Дню Волі.

А 25 сакавіка ў Менску і ў больш як 20 іншых гарадах краіны пройдуць традыцыйныя мітынгі, шэсьці й пікеты. Аргкамітэт сьвяткаваньня вырашыў выдаць зварот з заклікам узяць чынны ўдзел у мерапрыемствах з нагоды ўгодкаў БНР, а таксама віншавальны зварот да беларусаў сьвету.

Плянуецца, што ўдзельнікі акцыі ў Менску зьбяруцца на Юбілейнай плошчы і адтуль накіруюцца цэнтральнымі вуліцамі на плошчу Волі, дзе адбудзецца сьвяточны мітынг.

Паводле Вінцука Вячоркі, гэтае месца абралі для правядзеньня мітынгу невыпадкова — менавіта на пляцы Волі знаходзяцца будынкі, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Беларусі й дзе месьціўся ўрад БНР. Да гэтых будынкаў будуць ускладзеныя вянкі й кветкі.

25 сакавіка ў двух катэдральных саборах Менску — каталіцкім і праваслаўным адбудуцца сьвяточныя багаслужбы з нагоды Дня Незалежнасьці.

Арганізатары лічаць, што сьвяткаваньне будзе даволі арыгінальным. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Накладзе адбітак на адзначэньне гэтай даты, як і наагул на любую падзею сёлета, чаканьне істотных, глыбінных палітычных зьменаў. Я маю на ўвазе, натуральна, прэзыдэнцкія выбары й рэальны шанец нарэшце пазбыцца лукашэнкаўскай дыктатуры, пазбыцца прамаскоўскага рэжыму".

Сябры аргкамітэту мяркуюць, што акцыя ў любым выпадку пройдзе ў цэнтры гораду — хочуць таго ўлады ці не. Гаворыць старшыня аргкамітэту Анатоль Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) "Усё роўна мы будзем сьвяткаваць у цэнтры гораду. Выключаюцца нейкія ўскраіны, гэта напэўна. На Бангалёр ні ў якім разе ня пойдзем. Дзень незалежнасьці там сьвяткаваць ня будзем".

Прадстаўнікі аргкамітэту на пачатку наступнага тыдня пададуць у гарвыканкам адпаведную заяўку.


XS
SM
MD
LG