Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АБЯЦАЕ АРЫШТАВАЦЬ АМЭРЫКАНСКІХ ШПІЁНАЎ


Юры Сьвірко, Менск

"Арыштуем ды пасадзім шпіёнаў", — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы ўчорашні фільм дзяржаўнага тэлебачаньня "Беларускі КГБ супраць ЦРУ". Спадар Лукашэнка таксама ўдакладніў: "Калі яны працуюць пад дахам амбасады — выдварым. Няважна, якое — амэрыканскае ці якое-небудзь іншае".

Паводле ягоных словаў, "пару асобаў ужо далі паказаньні" сьледчым органам пра дзейнасьць у Беларусі замежных спэцслужбаў. Цікава, што, калі верыць агенцтву "Интерфакс-Запад", Аляксандар Лукашэнка "паабяцаў адпусьціць гэтых людзей на свабоду ў абмен на прадастаўленую КГБ інфармацыю".

Спадар Лукашэнка заявіў таксама, што замежныя спэцслужбы, агенты якіх працуюць у Беларусі, ня ў стане аніяк паўплываць на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія, паводле ягоных словаў, пройдуць "ціха ды маркотна для журналістаў", без "аніякай перадвыбарчай вакханаліі".

Аднак напярэдадні дзяржаўнае тэлебачаньне паказала пазачарговы выпуск праграмы "Рэзананс". Тэлегледачы даведаліся ад намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Зімоўскага, што амэрыканскія выведнікі атрымалі загад дзейнічаць у Беларусі агрэсіўна й жорстка.

Праўда, заінтрыгаваныя шматлікімі анонсамі гледачы былі расчараваныя, пачуўшы замест абяцанага выкрыцьця амэрыканскага шпіёна Сержа Аляксандрава, якога выправілі зь Беларусі чатыры гады таму, паведамленьне пра афіцыйны статус спадара Аляксандрава як прадстаўніка ЦРУ ды ягоныя рэгулярныя кантакты зь беларускім КГБ.

Тэлебачаньне паказала ды сказала, што Аляксандраў "часам проста адкрыта перапісваў нумары службовай тэхнікі". Гэтаю тэхнікай была звычайная легкавая аўтамашына.

Чым можна растлумачыць чарговую хвалю шпіёнаманіі? — спытаўся я ў міжнароднага каардынатара "Хартыі-97" Андрэя Саньнікава.

(Саньнікаў: ) "Гэта ўсё падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. Лукашэнка не зацікаўлены, каб тут былі прадстаўнікі замежных краінаў, найперш дэмакратычных краінаў, заходніх. Я ў лістападзе казаў, калі былі першыя гучныя заявы наконт шпіёнаў у Беларусі, наконт таго, што амбасады займаюцца несумяшчальнай зь іх статусам дзейнасьцю, - дык вось я казаў, што трэба чакаць – будуць такія выпадкі, улады будуць правакаваць рэакцыю дыпляматаў і імкнуца да таго, каб абвесьціць дыпляматаў пэрсонамі нон-грата, перш за ўсё амэрыканскіх дыпляматаў”.

(Карэспандэнт: ) “Лукашэнка сёньня ўжо заявіў пра гатоўнасьць у выпадку патрэбы выдварыць амэрыканскіх дыпляматаў. Ці лічыце Вы гэта рэальным?”

(Саньнікаў: ) "Я лічу рэальным, таму што вось гэты інфармацыйны крок, які ўчора зрабілі ўлады, гэта падрыхтоўка да таго, каб зрабіць наступны крок”.

- зазначыў Андрэй Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі.

А вось як пракамэнтаваў спэцыяльны выпуск “Рэзанансу” на сёньняшнім брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) "Тыя дамоўленасьці, што былі дасягнутыя паміж прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і паслом ЗША Майклам Козакам падчас уручэньня даверчых граматаў, што адбылося мінулым тыднем, застаюцца ў сіле. Размова ідзе пра выраўнаньне дыпляматычных намаганьняў з мэтай умацаваньня дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі.

І МЗС, і Пасольства ЗША працуюць у гэтым кірунку. Пацьвярджае гэта й сустрэча, што адбылася мінулым тыднем: намесьніка прэм'ер-міністра — міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова — з паслом ЗША Майклам Козакам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся практычныя шляхі рэалізацыі паразуменьня, дасягнутага цягам сустрэчы прэзыдэнта Беларусі й пасла ЗША".

Паведаміў спадар Латушка, прэсавы сакратар беларускага МЗС.

На думку ж Валер’я Косткі, былога супрацоўніка КГБ, Беларускае тэлебачаньне проста нагнятае абстаноўку.

(Костка) “Пасольствы ўсіх краінаў – гэта людзі, якія заўсёды займаліся зборам інфармацыі па канкрэтнай краіне. І тут, у прынцыпе, у іх нейкая міжнародная ўзгодненасьць, гэта іх справа – зьбіраць інфармацыю аб краіне, дзе яны знаходзяцца. Нейкі там Сяргей Аляксандраў зьбірае інфармацыю пра Беларусь, такі ж самы Аляксандар Сяргееў зьбірае інфармацыю ў Амэрыцы, перадае яе ў Беларусь, у Расею ці ва Ўкраіну”.

Мяркуе Валеры Костка, былы памочнік намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету.

XS
SM
MD
LG