Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАЙКАМ ПРЫВАТНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ УВАЖАЕ ВЫНІКІ ЎЧОРАШНЯЙ АКЦЫІ ПАСЬПЯХОВЫМІ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле падлікаў арганізатараў, удзел у страйку бралі больш як 160 тысяч прадпрымальнікаў ды асобаў, што працуюць па найме. Такая колькасьць, на думку старшыні Страйкавага камітэту Валер'я Леванеўскага, дае падставы казаць пра шырокую падтрымку акцыі пратэсту:

(Леванеўскі: ) "Страйкавалі асноўныя цэнтры: Горадня й Менск, Берасьце, часткова Віцебск, Гомель і Магілёў. У гэтых трох абласных цэнтрах бралі ўдзел крыху больш за палову гандляроў рэчавых рынкаў. У Менску, напрыклад, ня выйшлі на працу каля 70% прадпрымальнікаў.

Што да раённых цэнтраў, то й там акцыю дружна падтрымалі мясцовыя прадстаўнікі дробнага бізнэсу. Там не працавалі больш як 90% прадпрымальнікаў".

Аднак, паводле словаў Леванеўскага, арганізатары гэтага страйку, адрозна ад папярэдніх акцыяў, сутыкнуліся зь цяжкасьцямі. Старшыня Страйкаму лічыць, што кіраўнікі Свабодных і дзяржаўных прафсаюзаў пачалі адкрытае змаганьне супраць страйкавага руху прадпрымальнікаў. Яны нібыта дзейнічалі разам з уладамі.

Між тым, зь меркаваньнямі кіраўнікоў Страйкавага камітэту разыходзяцца ацэнкі ўчорашняй акцыі іншых лідэраў прадпрымальніцкіх прафсаюзаў.

Гаворыць старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Сяргей Бычкоўскі:

(Бычкоўскі: ) "Я мяркую, што агульная лічба тых, хто ня выйшаў на працу ў Менску, складае крыху больш за 10 000 чалавек. Інакш кажучы, ня брала ўдзелу ў акцыі асноўная маса з 57 000 сталічных прадпрымальнікаў.

Што да рэгіёнаў, дык працавалі прадпрымальнікі Барысава, Дзяржынску, Баранавічаў, Пінску, Гомеля й гэтак далей. Я ня ведаю, адкуль узялі гэтыя вялізныя лічбы страйкоўцаў. Мы лічым, што прадпрымальнікаў трэба рыхтаваць да шматдзённых акцыяў пратэсту й не плаціць падаткаў. Бо аднадзённыя акцыі толькі дапамагаюць уладам.

Мы прапануем больш сур'ёзны ціск на ўлады: напрыклад, спынім працу ў красавіку, у траўні, але затое вырашым пытаньні".

Ня бралі ўдзелу ва ўчорашняй акцыі й прадпрымальнікі Наваполацку. Там дзейнічае суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу. Лідэр гэтай суполкі Валеры Шаўчэнка так патлумачыў сваю пазыцыю:

(Шаўчэнка: ) "Напраўду сэнс акцыі адно ў тым, каб палепшыць імідж Леванеўскага да прэзыдэнцкіх выбараў ды каб адцягнуць асноўныя галасы ад дэмакратычнага кандыдата. Вось якая справа. Здаецца, улада ўсяляк дапамагае гэта рабіць!

Да акцыі рыхтавацца трэба грунтоўна. І ніхто за адзін дзень нашых праблемаў ня вырашыць. Ці ў нас падаткі? У нас жа звышпадаткі! Леванеўскі паразытуе на дзейнасьці прафсаюзаў".

Валеры Леванеўскі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ўчорашняя акцыя ня мае ніякага дачыненьня да ягоных прэзыдэнцкіх амбіцыяў.

Неўзабаве прадстаўнікі Страйкаму мяркуюць правесьці апытаньне беларускіх гандляроў — ці будуць яны ўдзельнічаць у новых акцыях пратэсту.

XS
SM
MD
LG