Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫН ЛУКАШЭНКІ – ЧЫНОЎНІК МЗС


Валер Каліноўскі, Менск

Сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар два гады таму закончыў факультэт міжнародных дачыненьняў БДУ. Пасьля гэтага на прыклад бацькі пайшоў на вайсковую службу, у памежныя войскі. Там даслужыўся да званьня капітана, а пасьля дэмабілізацыі атрымаў мэдаль “За адзнаку пры ахове дзяржаўнай мяжы”.

Прозьвішча Віктара Лукашэнкі можна знайсьці сярод 18 узнагароджаных памежнікаў, ва ўказе ягонага бацькі ад 23 лютага. Кіраўнік прэсавай службы памежных войскаў Беларусі палкоўнік Васіль Кіптэнка так распавёў пра заслугі капітана Віктара Лукашэнкі:

(Кіптэнка: ) "Ён браў удзел і ў затрыманьні парушальнікаў мяжы. Ён быў і ёсьць нармальным афіцэрам. Ня раз прадстаўлялі мы раней яшчэ яго да гэтых узнагародаў. Але выкрэсьлівалі яго, выкрэсьліваў сам прэзыдэнт — ну, вы разумееце, пра што вядзецца. Зараз жа падпісалі гэты ўказ без пытаньняў.

Ягоныя сябры, што служаць разам зь ім, маюць больш салідныя узнагароды і заахвочваньні. Гэта ж звычайная зьява, атрымаў чалавек узнагароду".

Палкоўнік Кіптэнка паведаміў, што падчас апэрацыяў на мяжы, у якіх удзельнічаў сын кіраўніка дзяржавы, ён ня быў паранены ці пашкоджаны. Апэрацыі прайшлі ўдала.

Тое ж, што Віктар Лукашэнка, выпускнік БДУ, вельмі хутка зрабіўся капітанам, палкоўнік Васіль Кіптэнка ня лічыць нечым незвычайным.

Тымчасам служба Віктара Лукашэнкі скончылася. Як паведаміў сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі, сын Аляксандра Лукашэнкі працуе ў замежнапалітычным ведамстве:

(Латушка: ) "Ужо каля месяца сын прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі працуе ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі ва ўпраўленьні Эўропы МЗС Беларусі. Ён вярнуўся ў тое ўпраўленьне, дзе працаваў да сваёй тэрміновай службы ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусі".

Павал Латушка ўдакладніў, што працуе Віктар Лукашэнка на пасадзе першага сакратара ўпраўленьня Эўропы МЗС. Гэта значыць, што яму ўдалося пераскочыць пасады рэфэрэнта, аташэ, трэцяга і другога сакратароў адразу, гэта амаль тое самае, калі б выпускнік вайсковай вучэльні адразу ўладкаваўся на маёрскую ці нават палкоўніцкую пасаду.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць гэтакае прызначэньне неабгрунтаваным.

Экс-прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір лічыць гэткі кар’ерны рост сына Аляксандра Лукашэнкі праявай пратэкцыянізму з боку бацькі.

(Чыгір: ) "А вы сумнеяцеся, што тут ёсьць пратэкцыянізм? Я сумневаў ня маю, мой сын павінен сядзець у турме, а той — праз многія прыступкі рухацца наперад. Пра што тут казаць?

Прачытайце кнігу "Шклоўскія страсьці", многа новага й невядомага даведаецеся. Там усё напісана: як Лукашэнка паводзіў сябе, калі ў саўгасе працаваў, як сын ягоны паступаў ва ўнівэрсытэт. Гэта ўсё вядома людзям".

Анатоль Лябедзька наогул мяркуе, што гэта праява элемэнтаў кіраваньня дынастычных клянаў. Разам з тым Анатоль Лябедзька выказаў сумнеў, што сын Аляксандра Лукашэнкі служыў гэтак жа, як і ўсе астатнія афіцэры ды жыў на іхны мізэрны заробак. Паводле ягоных словаў, Віктара Лукашэнку часта бачылі ў Менску ў працоўны час.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG