Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР НАВУМАЎ: ІГНАТОВІЧ НЕ ПРЫЗНАЎСЯ Ў ЗАБОЙСТВЕ ЗАВАДЗКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры вымушаны быў адказваць на пытаньні пра зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага й арыштаванага сына экс-прэм'ера Аляксандра Чыгіра.

У справе Завадзкага зьявілася новая сэнсацыйная інфармацыя, якую міністар, аднак, абвяргае. Журналісты маюць зьвесткі, што сьледчыя, якія затрымалі былога спэцназаўца Валер'я Ігнатовіча, дамагаюцца ад яго прызнаньня ў забойстве Завадзкага. Наўзамен сьледчыя нібыта гарантуюць захаваць жыцьцё Ігнатовічу.

Паводле некаторых крыніцаў, Ігнатовічу ўдалося перадаць гэтыя зьвесткі на волю з ізалятару. Прычым, гарантыі жыцьця сьледчыя нібыта даюць ад імя Аляксандра Лукашэнкі, які, кажуць, падпіша адпаведны ўказ пра памілаваньне пасьля суду над Ігнатовічам.

Міністар Уладзімер Навумаў гэтую вэрсію сёньня катэгарычна абверг.

(Навумаў: ) "Я магу абвергнуць гэтыя зьвесткі цалкам. Я не гатовы сказаць, калі будзе суд, бо гэта не ўваходзіць ў кампэтэнцыю Міністэрства ўнутраных справаў, сьледзтва вядзем ужо ня мы. Але тое, што Ігнатовічу прапануюць такую зьдзелку — гэта няпраўда".

Міністар, аднак, не патлумачыў, чаму ён упэўнены, што гэта няпраўда, калі ягоныя падначаленыя ўжо не займаюцца справай Завадзкага.

Заўважу, што заява пра няўдзел міліцыянтаў у расьсьледаваньні справы супярэчыць даручэньню, якое міністар Навумаў атрымаў тры месяцы таму ад Аляксандра Лукашэнкі ды ў адпаведнасьці зь якім Навумаў павінен асабіста кантраляваць расьсьледаваньне справы Завадзкага й рэгулярна падаваць справаздачы пра вынікі расьсьледаваньня.

Акрамя вэрсіі пра зьдзелку сьледчых з падсьледным Ігнатовічам, міністар сёньня абверг зьвесткі пра затрыманых па гэтай жа справе супрацоўнікаў унутраных войскаў. Гэта, аказваецца, таксама недакладная інфармацыя.

Наконт справы Аляксандра Чыгіра міністар заявіў, што гэта звычайная крымінальная справа, хаця й даволі сур’ёзная, але не палітычная “ні ў якім разе”.

Міністар паведаміў, што сам надае ёй шмат ўвагі. “Я аддаў загад заахвоціць тых сьледчых, якія правялі затрыманьні, бо пасьля гэтага сытуацыя з выкраданьнем аўтамабіляў у сталіцы палепшылася”, — паведаміў міністар.

Паводле Навумава, ніякія супрацоўнікі міліцыі ў чорных масках у гараж Чыгіра-малодшага да ягонага затрыманьня не ўрываліся, а пра тое, што Чыгір быў зьбіты міліцыянтамі ў пастарунку, ён ня ведае. Не парушала міліцыя й іншых правілаў у гэтай справе, пра якія піша прэса, — запэўніў сп. Навумаў і параіў дачакацца суду.

(Навумаў: ) "Справа гэтая скончыцца адкрытым судовым паседжаньнем. Калі суд прызнае нейкую нашу віну, вядома, мы будзем пакараныя", — заявіў сёньня ў Нацыянальным прэсавым цэнтры міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG