Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧОРА Ў ГОМЕЛІ БЫЎ ЗАТРЫМАНЫ БЫЛЫ ДЭПУТАТ СЯРГЕЙ АНТОНЧЫК


Казімер Яноўскі, Гомель

Прадуктовыя наборы, у якіх былаі грэчка, локшына, алей, масла, бляшанка тушонкі, Сяргей Антончык прывёз са сталіцы мікрааўтобусам.

Прыкладна а 18-й гадзіне ён спыніўся каля шматпавярховых дамоў па вуліцы Курчатава, дзе жыве шмат пэнсіянэраў і наогул рабочага люду. Адказныя за гуманітарную дапамогу ўжо мелі сьпісы маламаёмных людзей, якім і прызначаліся прадукты. Сабралася блізу сотні гамельчукоў. Але харчовыя наборы пасьпелі атрымаць толькі каля трох дзясяткаў чалавек.

Наляцела міліцыя. Палкоўнік абласной управы Аляксандар Гаркоў разам з супрацоўнікамі Чыгуначнага РАУСу напалохаўся, што, магчыма, апазыцыя наладзіла мітынг. Але ніякага мітынгу не было. Людзі дзякавалі за дапамогу.

Спадар Антончык паказаў нават чэкі са сталічных крамаў, дзе былі купленыя харчы. Аднак палкоўнік Гаркоў, вядомы ў горадзе ахоўнік усіх апазыцыйных пікетаў і дэманстрацыяў, запатрабаваў спыніць раздачу харчоў і паехаць у Чыгуначны пастарунак для разьбіральніцтва.

Абураныя людзі, якія не пасьпелі атрымаць харчоў, таксама накіраваліся ў аддзел.

Там міліцыянты трымалі Сяргея Антончыка ледзь ня тры гадзіны. На марозе ў двары пастарунку яны наладзілі ператрус мікрааўтобусу. Распакавалі нават пакункі з прадуктамі, але ніякай крамолы, апроч харчоў, у пакунках не было. Аднак і купленыя ў дзяржаўных крамах грэчку, локшыну ды тушонку міліцыянты адправілі на санітарную экспэртызу. Са спадара Антончыка ўзялі падпіску, што да атрыманьня вынікаў экспэртызы харчы людзям ён раздаваць не павінен.

Цяпер палкоўнік Гаркоў пра мітынг ужо ня згадвае. Распавядае пра халеру.

(Гаркоў: ) "Прывозяць харчы, раздаюць людзям. Завязуць якую-небудзь халеру… Магчыма, гэта гуманны ўчынак Антончыка. А калі там што-небудзь будзе?" — разважае палкоўнік.

Што ж да Сяргея Антончыка, то ўчора позна ўвечары з Чыгуначнага РАУСу ён ад'ехаў у Менск па сэртыфікат якасьці, каб сёньня вярнуцца ў Гомель і ўсё ж раздаць харчы тым, хто чакаў на вуліцы, але з прычыны ўмяшальніцтва міліцыі не атрымаў гуманітарнай дапамогі.

XS
SM
MD
LG