Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ТЭЛЕБАЧАНЬНЕ РАСПАЧАЛО НОВУЮ АТАКУ НА АМЭРЫКАНСКІХ ДЫПЛЯМАТАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Два дні запар праграма дзяржаўнага тэлебачаньня “Панарама” паказвае сваю карэспандэнтку, якая марна спрабуе датэлефанавацца да супрацоўнікаў інфармацыйнае службы амбасады ЗША ў Беларусі — каб узяць камэнтар да сюжэту ў нядзельным “Рэзанансе” пра нібыта амэрыканскае фінансаваньне беларускае апазыцыі.

Як патлумачылі ў інфармацыйнай службе амбасады, іхны працоўны дзень заканчваецца а палове на шостую вечара, і якраз незадоўга да канца пачынаюцца званкі зь дзяржаўнага тэлебачаньня. А пасьля з экрану гучаць адказы ахоўнікаў амбасады, што нікога няма.

Акрамя гэтых дробязяў, тэлебачаньне паўтарае анонсы пазачарговага выпуску праграмы “Рэзананс”, дзе абяцае расказаць усю праўду пра амэрыканскіх шпіёнаў у Беларусі. У анонсе згадалі толькі Сержа Аляксандрава, былога першага сакратара амбасады ЗША ў Менску, паабяцаўшы распавесьці пра тых жанчын, якіх ён кахаў.

Інфармацыйная служба амэрыканскае амбасады адмовілася камэнтаваць тэлевізійныя анонсы ды параіла прачытаць на сваёй Інтэрнэт-старонцы заяву Дзяржаўнага дэпартамэнту ад 24 сакавіка 1997 году. Той заявай ЗША асудзілі нечаканыя ды неапраўданыя арышт, затрыманьне й выдварэньне Сержа Аляксандрава, грамадзяніна ЗША й першага сакратара амэрыканскае амбасады ў Менску.

Абвінавачаньні беларускага боку ў “правакацыйнай дзейнасьці ў часе несанкцыянаванага маршу” ды ў “дзеяньнях па-за межамі Венскае канвэнцыі 1961 году” Дзярждэпартамэнт назваў тады “проста хлусьнёй”.

Нагадаю, што этнічны беларус і амэрыканскі дыплямат Серж Аляксандраў быў арыштаваны падчас сутыкненняў паміж АМОНам і дэманстрантамі пасьля масавае акцыі 24 сакавіка 1997 году напярэдадні Дня Волі.

Пра арышт дыплямата ўсе нечакана даведаліся пры канцы нядзельнае праграмы "Рэзананс", дзе зачыталі адпаведную заяву Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Яшчэ 4 гады таму дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла, што замежныя разьведвальныя органы былі замешаныя ў дэманстрацыі нацыяналістаў ды што Аляксандраў працаваў як шпіён на Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне ЗША.

Тэлебачаньне заявіла, што амбасада ЗША аказвала “грубы націск” на Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, але не падало ніякіх далейшых дэталяў. Мабыць, цяпер, праз 4 гады, надышоў час для новага "Рэзанансу" з гэтымі дэталямі.

Як сказаў Аляксандар Лукашэнка амэрыканскаму амбасадару ў Менску Майклу Козаку, прымаючы ад яго даверчыя граматы, “на кожны крок ЗША насустрач Беларусі вы атрымаеце два крокі Беларусі насустрач ЗША”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG