Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САТЫРЫК КРЫЖАНОЎСКІ АБВЕСЬЦІЎ, ШТО БУДЗЕ БАЛЯТАВАЦЦА НА ПРЭЗЫДЭНТА


Уладзімер Глод, Менск

Многія, калі даведаліся сёньня пра гэтую заяву вядомага гумарыстычнага актора, палічылі яе несур’ёзнай. Размову зь Яўгенам Крыжаноўскім я пачаў пытаньнем, ці не жартуе ён.

(Крыжаноўскі: ) "Гэта ня жарт. Гэта вельмі сур'ёзна, гэтак сур'ёзна, ажно боязна. Але ж я ведаю, што я зрабіў самы правільны крок у сваім жыцьці".

45-гадовы патэнцыйны прэтэндэнт на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы лічыць, што беларускі народ не заслугоўвае той галечы, якую вымушаны цярпець сёньня. Крыжаноўскі некалькі разоў быў у Чэхіі ды хоча, каб людзі ў Беларусі жылі ня горш як там.

Крыжаноўскі хоча (калі яго абяруць прэзыдэнтам), каб кожны беларус, які выходзіць на пэнсію, атрымаў ад дзяржавы бясплатную пуцёўку ў Чэхію і на ўласныя вочы пабачыў, як там жывуць пэнсіянэры.

Не бянтэжыць Яўгена й тое, што ён актор. Ён згадвае Рональда Рэйгана, за якім пачаўся эканамічны росквіт Злучаных Штатаў, пра Вацлава Гаўла — цяперашняга прэзыдэнта Чэхіі.

На пытаньне, каму ня выгадны ягоны ўдзел у выбарчай кампаніі, спадар Крыжаноўскі адказаў:

(Крыжаноўскі: ) "Я мяркую, што найперш гэта ня выгадна тым, хто няправільна жыве, няправільна кіруе. Тым, хто хоча дарвацца да ўлады, каб скарыстаць яе для сябе. Мне ўлада не патрэбная. Папулярнасьць мне не патрэбная. Мне трэба, каб Беларусь свабодна ўздыхнула".

Адзін з блізкіх сяброў Яўгена Крыжаноўскага распавёў мне цікавы эпізод з жыцьця сябра. Падчас выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў Крыжаноўскі ладзіў шоў-канцэрты на карысьць вядомага менскага бізнэсоўца Аляксея Ваганава. Пасьля канцэртаў шмат хто з гледачоў казаў актору: "Слухай, навошта нам галасавць за гэтага Ваганава. Давай лепш мы цябе падтрымаем". Ваганаў, дарэчы, зрабіўся дэпутатам. Як лічыць сябар Крыжаноўскага, менавіта гэтая перамога й падштурхнула Яўгена вылучацца на прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG