Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГУТАРКА З СЯМЁНАМ ДОМАШАМ ДЫ ІНШАЕ


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Анонс на першай старонцы запрашае чытача на 6 і 7 старонкі, дзе зьмешчана падрабязная гутарка нашага карэспандэнта Сяргея Манастырскага з былым старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму, найбольш верагодным кандыдатам ад беларускай апазыцыі на прэзыдэнцкай дыстанцыі – Сямёнам Домашам. Уласныя адносіны да патэнцыяльнага кандыдата чытачу прапанавана выпрацаваць самастойна.

"Рабочы" не ўпершыню зьвяртаецца да пытаньняў аховы помнікаў гісторыі і культуры нашай краіны. Многія навукоўцы і спэцыялісты падзяляюць наш клопат. Яны накіравалі ў сродкі масавай інфармацыі ліст, які мы таксама друкуем на першай старонцы.

Побач – дыяграма, што адлюстроўвае сучаснае падзеньне колькасьці вучняў, якія навучаюцца на беларускай мове ад агульнай колькасьці школьнікаў. Дадзеныя ўзятыя з выступу прэзыдэнта рэспубліканскага аб'яднаньня "Таварыства беларускай школы" Алеся Лозкі на сустрэчы з кіраўнікамі адукацыйных устаноў Менску. Рада дырэктараў беларускамоўных школ беларускай сталіцы напрыканцы лютага прыняла Зварот да калег з заклікам да іх гарамадзянскага сумленьня. "Праблема мовы са сфэры культуралягічнай перайшла ў сфэру палітычную… Абыякавасьць, пэсымізм, адсутнасьць нацыянальнай годнасьці – сьледства гвалту над нацыянальнай школай… Нам жыць без роднай мовы нельга…" – такі лейтматыў гэтай публікацыі.

Тэматычная старонка "Кашалёк" вызначае, абапіраючыся на дадзеныя аналітычнага дакладу "Маніторынг сацыяльна-працоўнай сфэры Рэспублікі Беларусь" (1999г., студзень-верасень 2000г.), зьніжэньне ўплыву заработнай платы на прырост грашовых даходаў насельніцтва. Кандыдат эканамічных навук, былы міністар працы А. Сасноў ва ўласным камэнтары ставіцца да згаданага становішча добра. Яно сьведчыць, што насельніцтва пачало самастойна шукаць крыніцы даходу. Некаторыя з такіх крыніц, як легальныя, так і ня вельмі, тут жа і пералічаныя ў выглядзе маленькіх бытавых замалёвак. Замест таго, каб патрабаваць ад улады станаўленьня нармальнай эканомікі, людзі шукаюць дадатковыя заробкі. І толкі. Чаму так?

На апошняй старонцы – "Беларускі каляндар", крыжаванка, прозьвішча пераможцаў адной з папярэдніх, складаных крыжаванак, а таксама запрашэньне на сэмінар "Выбарчае права Рэспублікі Беларусь", які адбудзецца ў офісе газеты "Рабочы" 4 сакавіка ў 11.00 па адрасе: г. Менск, плошча Свабоды, 23.
XS
SM
MD
LG