Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫПЛАТА РАСЕЯЙ ЗЬНЕШНЯГА ДОЎГУ ПРЫВЯДЗЕ ДА СКАРАЧЭНЬНЯ САЮЗНЫХ ПРАГРАМАЎ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Расейскія эканамісты прызнаюць, што гэта прывядзе да скарачэньня усіх бюджэтных праграмаў. У тым ліку і ў межах беларуска-расейскага саюзу.

Сёньня стала вядома, што 2 красавіка ў Маскве сустрэнуцца Аляксандар Лукашэнка ды ўладзімер Пуцін. Яны мусяць зацьвердзіць так званы бюджэт саюзу Беларусі і Расеі. Аднак, фінансавы стан Расеі такі, што можа паставіць крыж на існаваньні ўсіх саюзных праграмаў.

Каб выконваць абавязальніцтвы перад крэдыторамі Парыскага клюбу, Расея мусіць кожны месяц пералічваць ім блізу аднаго мільярда даляраў. Плянавалася, што сродкі возьмуць з дадатковых даходаў бюджэту. Аднак цяпер стала відавочна, што расейскі ўрад ня выратуюць нават высокія кошты на нафту.

Напрыклад, Марцін Гілман, які да апошніх дзён быў кіраўніком маскоўскага прадстаўніцтва Міжнароднага валютнага фонду заявіў: "Нягледзячы на цяперашнія эканамічныя посьпехі, у бліжэйшыя два-тры гады ў Расеі могуць узьнікнуць фінансавыя цяжкасьці".

Вядомыя расейскія эканамісты не хаваюць, што каб знайсьці сродкі на вяртаньне пазыкаў, давядзецца скарачаць расходы бюджэту. Былы дарадца прэзыдэнта па эканоміцы Аляксандар Ліўшыц заявіў: "У бюджэце заўжды можна знайсьці 5-7 адсоткаў выдаткаў, якімі можна ахвяраваць, накіраваўшы на выплаты крэдыторам".

Ці не патрапяць у гэтыя 7 адсоткаў і тыя грошы, на якія разьлічваюць стваральнікі саюзнага бюджэту? Думкі на гэты конт розьняцца.

Прадстаўнік Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Андрэй Няшчадзін гаворыць, што Расея павінная лічыць кожны даляр, і намагацца вярнуць грошы, якія ёй вінныя такія краіны як Індыя, Украіна, Грузія ды іншыя. Як вядома Беларусь таксама мае вялікую запазычанасьць перад Расеяй.

Іншую думку выказаў у інтэрвію Радыё Свабода дэпутат Дзяржаўнай думы Мікалай Ганчар. Расея мусіць унесьці у саюзны бюджэт 120 мільёнаў даляраў. "У параўнаньні з нашай запазычанасьцю Парыскаму клюбу, – заявіў Ганчар, – гэта мізэрныя грошы, і ўрад не пашкадуе іх, каб падкрэсьліць палітычнае значэньне адносінаў з Беларусьсю".

Іншая справа, зазначыў Мікалай Ганчар, што ён пакуль ня бачыць у расейскага ўраду жаданьня фінансаваць больш маштабныя праекты – скажам, увядзеньне адзінае валюты.
XS
SM
MD
LG