Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ FM-ЭФІР - КОЛЬКАСЬЦЬ ПЕРАХОДЗІЦЬ У ЯКАСЬЦЬ


Вядучы: Віталь Цыганкоў

(Цыганкоў: ) "У пятніцу ў Беларусі пачала вяшчаньне чарговая радыёстанцыя ў FM-дыяпазоне — “Русское радио”. Адна з найпапулярнейшых радыёстанцыяў Расеі мае свае філіі ў краінах Сярэдняй Азіі, у Прыбалтыцы і ва Ўкраіне.

У Беларусі ж надта сур’ёзная канкурэнцыя цяпер у FM-фармаце: за слухача змагаюцца ажно 8 радыёстанцыяў ды першая праграма дзяржаўнага беларускага радыё.

Сярод гэтых васьмі толькі БПСМаўскае Радыё “Стыль”, дзяржаўная “Сталіца” і, напэўна, “Альфа-Радыё” маюць выключна беларускіх гаспадароў.

Астатнія створаныя праз дапамогу замежнага капіталу. “Уні-стар — Радыё БДУ” мае беларуска-нямецкіх заснавальнікаў. “Радыё Рокс” — былая філія адпаведнай расейскай радыёстанцыі, якая адносна даўно стала самастойнай структурай. “Радыё Мір” заснаванае органамі СНД. А “Радыё Бі-Эй” калісьці было створанае як беларуска-амэрыканская структура, а цяпер, паводле некаторых звестак, шукае сабе новых заснавальнікаў.

Сярод усіх беларускіх FM-станцыяў адносна беларускамоўная толькі адна — дзяржаўная “Сталіца”.

Сытуацыя ў FM-эфіры вельмі дынамічная — адных лідэраў зьмяняюць іншыя, новыя станцыі выцясьняюць канкурэнтаў, заваёўваючы сабе месца.

Слова кіраўніку грамадзкай арганізацыі “Беларуская музычная альтэрнатыва” Сяргею Сахараву".

(Сахараў): "Рынак зараз падзелены між канкурэнтамі, сярод якіх тры асноўных — "Альфа-Радыё", "Бі-Эй" і "Радыё Рокс". Найбольшы рэйтынг мела радыё "Бі-Эй", але з часам ён пачаў меншаць, бо тыя пэртурбацыі, што адбываліся цягам апошняга году, не маглі не паўплываць на ягоны рэйтынг.

Тое ж можна сказаць і пра “Альфа-Радыё”, зь якога пайшла каманда досыць знакавых фігураў, якія стварылі радыё “Уні-стар”.

З “Роксам” прасьцей. “Рокс” з-за камэрцыйных праблемаў пачынае пашыраць кола сваіх слухачоў праз адкрыцьцё карпункту “Русского радио” ў Беларусі. Менавіта на базе “Радыё Рокс” і ствараецца гэтая станцыя.

Праблема “чырыканьня” ў эфіры — калі ды-джэі часам вельмі непрафэсійна робяць камэнтар да песень, засталася. Неяк з гэтым змагаюцца. Стылёвая ніша таксама пачала разьбівацца, і калі “Рокс” зьбірае нейкую рокавую публіку, дык “Сталіца” зьбірае нейкую поп-публіку плюс рэгіёны..."

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG