Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС ВЫВУЧАЕ ДАКЛАД ДЗЯРЖАЎНАГА ДЭПАРТАМЭНТУ ЗША АБ СЫТУАЦЫІ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў СЬВЕЦЕ


Юры Сьвірко, Менск

Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Барыс Гюнтэр мяркуе, што зьвесткі з дакладу амэрыканскага Дзярждэпартамэнту не зьдзівілі, як і ягоная вялікая беларуская частка.

(Гюнтэр: ) "Мы — цэнтар Эўропы, таму Дзярждэпартамэнт ЗША надае столькі ўвагі нашай краіне. У цэнтры Эўропы засталася ці не адзіная краіна з дыктатарскім рэжымам — Беларусь. Мілошавіча ж скінулі".

Беларускае Міністэрства замежных справаў таксама спакойна рэагуе на даклад Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка спаслаўся на досьвед мінулых гадоў і заявіў:

(Латушка: ) "Мы ведаем, што падобныя справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША ўтрымліваюць шмат небесстароньніх і неаб'ектыўных меркаваньняў што да сытуацыі ў Беларусі. Ёсьць нават факталягічныя памылкі — гэта ведаем з досьведу мінулых гадоў.

Мы ўважліва ставімся да падобных справаздачаў, іх вывучаюць адпаведныя міністэрствы й ведамствы Беларусі.

Адрозна ад іншых краінаў, Беларусь апошнімі гадамі заўжды дае свае камэнтары да справаздачаў Дзярждэпартамэнту ЗША адносна стану правоў чалавека ў Беларусі. Спадзяемся, што камэнтары, якія му хутка прадаставім да сёлетняй справаздачы, амэрыканскі бок улічыць пры падрыхтоўцы наступных справаздачаў".

(Карэспандэнт: ) "А пакуль аніякай заявы МЗС, аніякай рэакцыі ды камэнтароў ня будзе?"

(Латушка: ) "На сёньняшні дзень мы вывучаем справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША".

Аднак Барыс Гюнтэр з праваабарончага цэнтру “Вясна” нагадвае, што публікацыя дакладу Дзярждэпартамэнту асабліва важная напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.

(Гюнтэр: ) "Усе ведаюць, што робіцца ў нас у краіне. Ідуць суды над тымі, хто займаецца палітыкай і над тымі, хто займаецца чарнобыльскімі справамі.

Ціснуць на тых, хто думае займацца прэзыдэнцкімі выбарамі, на сродкі масавай інфармацыі, на групу назіральнікаў за наступнымі выбарамі. Улада ня хоча дэмакратычных выбараў", — сказаў Барыс Гюнтэр і дадаў, што цэнтар “Вясна” даслаў у ЗША свой даклад пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Ён упэўнены, што гэтая інфармацыя таксама выкарыстоўвалася амэрыканскім Дзярждэпартамэнтам.
XS
SM
MD
LG