Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦЕНЕВЫ ЎРАД РАЗГЛЕДЗЕЎ ПРАЕКТ ПРАГРАМЫ ДЭМАКРАТЫЧНАГА КАНДЫДАТА НА ПРЭЗЫДЭНТА


Уладзімер Глод, Менск

Праект прэзыдэнцкай праграмы, які падрыхтавала група сяброў ценевага ўраду на чале з прафэсарам Міхаілам Пастуховым, ахоплівае галоўныя сфэры жыцьця краіны: ад палітыкі да дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі.

Дакумэнт паказвае магчымыя шляхі выхаду з тупіку, у якім Беларусь апынулася за сем гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Вярнуцца ў сям'ю цывілізаваных народаў Эўропы, падкрэсьлівае дакумэнт, цяпер можна толькі праз канкрэтныя і хуткія рэформы.

Каму можа спатрэбіцца такая праграма ды ўласна каму хоча перадаць яе ценевы ўрад? На гэтае пытаньне адказвае выканаўца абавязкаў старшыні ценевага ўраду Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) "Мы дамо гэтую праграму кандыдатам на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў — хто захоча, без прымусу. Можа ўзяць і той кандыдат, што мо й не падабаецца нам, але калі праграма яму падабаецца — хай бярэ. Штабы кандыдатаў на прэзыдэнта будуць праграму дасканаліць, апрацоўваць. Гэта іхнае права".

Аўтары праграмы лічаць, што неабходныя пераўтварэньні можна зрабіць цягам аднаго прэзыдэнцкага тэрміну. Таму праграма ахоплівае тры этапы — ад лістапада 2001 году да лістапада 2006 году.

І яшчэ адно пытаньне хвалявала сёньня сяброў ценевага ўраду. Яны вырашылі накіраваць лісты на адрас кіраўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны. Мэта —прыцягнуць увагу да праблемаў Чарнобыльскай катастрофы. Ці актуальнае гэтае пытаньне цяпер для Беларусі?

(Грыб: ) "Галоўнае — не прасіць грошай і мінімізаваць наступствы катастрофы, але стварыць міжнародныя камісіі з уплывовых спэцыялістаў, якія б маглі разабрацца і прапанаваць нешта.

Трэба казаць пра Чарнобыль, і калі ўлады маўчаць, мы ня мусім браць зь іх прыклад. Людзі хварэюць, паміраюць, пакутуюць, то маўчаць — непрыгожа", — заўважыў выканаўца абавязкаў старшыні ценевага ўраду Беларусі Мечыслаў Грыб.
XS
SM
MD
LG