Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВАЗДАЧА ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША. РАСПРАВА З ПАЛІТЫЧНЫМІ АПАНЭНТАМІ РЭЖЫМУ


Кастусь Бандарук, Прага

У справаздачы найперш адзначаецца, што Аляксандар Лукашэнка, легітымныя паўнамоцтвы якога скончыліся ў ліпені 99-га году, падпарадкаваў сабе ўсе галіны ўлады. Сытуацыя ў галіне правоў чалавека летась шмат у чым пагоршылася ў параўнаньні з 99 годам. Улады не зрабілі нічога дзеля высьвятленьня лёсу зьніклых апазыцыйных дзеячоў, і надалей жорстка нэўтралізавалі апанэнтаў рэжыму. Ворганы правапарадку сачылі за дзеяньнямі апазыцыйных палітыкаў, перашкаджалі ў працы назіральнікаў ў пытаньнях правоў чалавека. Сілы бясьпекі бяспадстаўна арыштоўвалі і затрымлівалі ўдзельнікаў вулічных дэманстрацыяў. Міліцыя зьбівала затрыманых і ўжывала супраць іх фізычны ды псыхалягічны ціск. Леташнія парлямэнцкія выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам. Да ўдзелу ў іх не былі дапушчаныя непажаданыя і апазыцыйна настроеныя кандыдаты.

Што да да канкрэтных правапарушэньняў, у справаздачы пералічваецца шэраг апазыцыйных дзеячоў, якія былі затрыманыя ў часе мірных дэманстрацыяў. Супрацоўнікі службы бясьпекі ў цывільнай вопратцы неаднойчы ўліваліся ў натоўп дэманстрантаў і правакавалі сутычкі, пасьля якіх затрымлівалі ўдзельнікаў пратэсту. Гэткую тактыку правакацыяў пацьвердзіў былы супрацоўнік міліцыі Алег Батурын, які пасьля гэтага быў вымушаны шукаць палітычнага прытулку за мяжой.

Акрамя затрыманых на некалькі дзён і затым пакараных высокімі штрафамі ўдзельнікаў вулічных дэманстрацыяў, беларускія ўлады надалей ізалююць палітычных апанэнтаў. Яны пераважна арыштоўваюць іх не на за палітычную дзейнасьць, але інкрымінуючы ім, напрыклад, фінансавыя махінацыі. Гэтак было з былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым і дэпутатам ВС Андрэем Клімавым. Лявонаў быў асуджаны на 4 гады турэмнага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, але быў вызвалены пасьля 3 гадоў на падставе амністыі. Андрэй Клімаў, які ў свой час выступаў за імпічмэнт Аляксандра Лукашэнкі, паводле аналягічнага абвінавачаньня быў асуджаны на 6 гадоў турмы таксама з канфіскацыяй маёмасьці. Незалежныя юрысты і праваабаронцы адзначаюць, што суд над Лявонавым і Клімавым адбываўся са шматлікімі парушэньнямі юрыдычных працэдураў, у прыватнасьці, на падставе атрыманых пад прымусам паказаньняў сьведкаў.

Асабліва выразным прыкладам расправы над палітычнымі апанэнтамі ў Беларусі, паводле дзярждэпартамэнту ЗША, зьяўляецца суд над былым прэм’ерам Міхаілам Чыгіром. Былы прэм’ер быў абвінавачаны ў злоўжываньні ўладай ў часе свайго знаходжаньня на ўрадавай пасадзе. Аднак, на самой справе, гэтыя абвінавачаньні былі выстаўленыя супраць яго пасьля таго, як Чыгір узяў удзел у прэзыдэнцкай кампаніі пасьля заканчэньня 5-гадовага тэрміну Лукашэнкі. Былы прэм’ер быў вызвалены са сьледчага ізалятара дзякуючы міжнароднаму ціску, аднак сьледзтва ў ягонай справе дагэтуль не закончанае. Рэпрэсіі закранулі таксама ягоную жонку.

Паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, праваабаронцы гэтак жа лічаць палітычна матываванымі судовыя працэсы ў справе лідэра сацыял-дэмакратычнай партыі Міколы Статкевіча, дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна, а таксама віцэ-рэктара Гомельскага Мэдычнага Інстытуту Ўладзімера Раўкова. Гэты апошні быў абвінавачаны ў карупцыі, але на самой справе за тое, што ён крытыкаваў урадавую палітыку ў пытаньнях Чарнобыля.

У справаздачы адзначаецца рэзкае павелічэньне колькасьці затрыманых. У дакумэнце цытуецца выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных справаў Міхаіл Удовікаў, які ў чэрвені летась назваў лічбу 100 тысячаў затрыманых. Для параўнаньня: у жніўні 98 году ў месцах часовага затрыманьня знаходзіліся ўсяго 11 тысячаў чалавек. У дакумэнце Дзярждэпартамэнту таксама гаворыцца, што беларускія ўлады запалохвалі апазыцыйных і прафсаюзных дзеячоў. Пагражаючы ім узбуджэньнем крымінальных справаў альбо фізычнай расправай, ім загадвалі альбо адмовіцца ад сваёй дзейнасьці, альбо пакінуць краіну.

У дакумэнце моцна падкрэсьліваецца, што гэтак, як і выканаўчая ўлада, Аляксандру Лукашэнку падпарадкаваная і судовая ўлада. Кіраўнік дзяржавы мае права прызначаць 6 з 12-ці сябраў Канстытуцыйнага суду ўключна са старшынём, а таксама старшыняў Вярхоўнага Суду і Вярхоўнага Гаспадарчага Суду. Прэзыдэнт прызначае і звальняе з пасадаў усіх судзьдзяў ніжэйшых інстанцыяў. У выніку ў Беларусі
няма незалежных судоў. Затое шырока распаўсюджанае гэтак званае “тэлефоннае права”, інакш кажучы, судзьдзі выносяць прысуды ў адпаведнасьці з тэлефонным загадам начальства.

У адпаведнасьці з Канстытуцыяй у дачыненьні да затрыманых тэарэтычна дзейнічае прэзумпцыя невінаватасьці. Арыштаваныя маюць права ўдзельнічаць у судовым разьбіральніцтве і скарыстоўваць дапамогу адвакатаў ды сьведкаў, аднак на практыцы іхныя правы не выконваюцца, – гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартаманту ЗША. Ня суд павінен даказаць віну падсудных, але яны павінны даказаць сваю невінаватасьць. У выніку з амаль 60 тысячаў чалавек, затрыманых паводле нейкіх абвінавачаньняў, толькі 272 чалавекі былі ў судзе апраўданыя.

XS
SM
MD
LG