Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА ЗА ГРАФІЦІ


Любоў Лунёва, Менск

Пазамінулай ноччу супрацоўнікі міліцыі Заводзкага РАУСу затрымалі непаўнагадовых маладафронтаўцаў Антося Бойку й Віталя Падаляка ля будынку Заводзкага выканкаму.

Хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны спрабавалі павесіць бел-чырвона-белы сьцяг над дзьвярыма выканкаму й напісалі на сьцяне будынку літару “Z”. Доказам гэтага міліцыянты палічылі балёнчык з фарбай, які валяўся побач у кустах.

Паводле цьверджаньняў хлопцаў, іх пабілі й закінулі ў “варанок”. Потым у дзяжурнай частцы Заводзкага РАУСу міліцыянт схапіў за валасы Антося Бойку, накруціў іх на руку і гэтак некалькі разоў падвешваў юнака, патрабуючы прызнаньня.

Пасьля гэтых катаваньняў хлопцы вымушаныя былі падпісаць адміністрацыйны пратакол за правапарушэньне паводле артыкулу 156 (дробнае хуліганства).

Толькі раніцай Антося Бойку й Віталя Падаляка адпусьцілі дахаты. Хлопцы разам з бацькамі маюць намер зьвярнуцца да судмэдэкспэртызы, каб прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў.

Свабодзе стала вядома, што крыху раней у Партызанскім раёне Менску ля будынку выканкаму міліцыянты затрымалі трох студэнтаў Белдзяржунівэрсытэту — Сяргея Коктыша, Анатоля Алізара й Аляксандра Ермакова, а таксама карэспандэнта газэты “Наша Свабода” Аляксея Шыдлоўскага.

Іх абвінавацілі, што пісалі на сьценах. Сьцены выканкаму былі расьпісаныя аднолькавымі словамі — “Зубр”. Так называецца моладзевы рух за вызваленьне Беларусі ад таталітарнага рэжыму. У Партызанскім РАУСе ў хлопцаў знайшлі два балёнчыкі з фарбай. Фарбу выкарысталі як рэчавыя доказы, неабходныя, каб распачаць крымінальную справу.

Напачатку міліцыянты прапанавалі хлопцам заплаціць грошы, каб надпісы сьцерлі — і справу б закрылі. Калі гэтак зрабілі, сьледчыя перадумалі. Яны выставілі новыя кошты — 1 000 даляраў на зьнішчэньне розных надпісаў ва ўсім раёне. Зразумела, на гэта ніхто не пагадзіўся. Дарэчы, высьветлілася, што пасьля выплаты грошай ніхто крымінальнай справы й не спыняў.

Для Аляксея Шыдлоўскага гэта ўжо другая крымінальная справа за графіці.

(Шыдлоўскі: ) "Гэта ня першая мая справа. Я невінаваты, бо кампэнсаваў грашыма тыя страты, што былі нанесеныя будынку райвыканкаму. А за іншыя сьпісаныя будынкі ў раёне я не адказваю. Ды й міліцыянты ня маюць ніякіх доказаў, ніякая экспэртыза нічога не пацьвердзіць.

Я думаю зьвярнуцца да адваката і абараняцца — і падчас сьледзтва, і падчас суду. Суд, са словаў сьледчага, будзе пры канцы красавіка ці ў пачатку траўня".

У новым Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул 341, які прадугледжвае пакараньне грамадзкай працай, штрафам альбо арыштам да трох месяцаў за апаганьваньне будынкаў цынічнымі надпісамі. Цяпер абвінавачаньню трэба будзе давесьці ў судзе, што слова “зубр” — цынічнае й зьневажае грамадзкую мараль.

XS
SM
MD
LG