Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВАЕ АБРАБАВАНЬНЕ РЭСУРСНАГА ЦЭНТРУ. ГЭТЫМ РАЗАМ У РЭЧЫЦЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

У Рэчыцы “Грамадзянскія ініцыятывы” арэндуюць пакой у памяшканьні прадпрымальніка Ўладзімера Васільева. А 9-й гадзіне вечара вартаўнік прыйшоў на службу і зьдзівіўся: дзьверы памяшканьня былі ўзламаныя.

62-гадовы вартаўнік ледзь пасьпеў ступіць у калідорчык, як атрымаў моцны ўдар у твар. Рабаўнік накінуўся на вартаўніка й стаў душыць яго, а той супраціўляўся. Аднак жа няпрошаны госьць уцёк.

Вартаўнік па тэлефоне зьвязаўся зь міліцэйскай аховай. Трэба сказаць, ахоўнікі зьявіліся на месца здарэньня літаральна праз 2 хвіліны. На вуліцы яны знайшлі кінутую сумку з двума скрадзенымі кампутарамі. Побач на сьнезе ляжалі прынтэр і сканэр. Хвілінаў праз 10-15 ахоўнікі на аўтамашыне затрымалі й рабаўніка.

Рэчыцкая міліцыя трымае ў сакрэце ягонае імя. Але з дасьведчаных крыніцаў мы даведаліся, што затрыманы — 28-гадовы гамяльчук Віталь Восіпаў. Як ён трапіў у Рэчыцу, пакуль невядома. У горадзе ж “Грамадзянскія ініцыятывы” ведаюць як рэсурсавы цэнтар для многіх грамадзкіх суполак.

Літаральна два дні таму тут ладзілі сэмінар стратэгічнага плянаваньня з удзелам Карла Янсана — прадстаўніка няўрадавай арганізацыі “Сава” зь Нідэрляндаў.

Такі ж сэмінар ладзіўся і ў Гомелі. І вось што характэрна. Пасьля яго таксама спрабавалі абрабаваць абласны офіс “Грамадзянскіх ініцыятываў”.

Свой погляд на падзеі выказвае намесьнік кіраўніка аб'яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Ўладзімер Кацора.

(Кацора: ) "Гэта сплянаваная ўладамі акцыя. Гэта бачна, і добра бачна, з тых пагромаў, якія пачаліся на Берасьцейшчыне, потым на Віцебшчыне й зараз дакаціліся ўжо да Гомеля. Была спроба абрабаваць наш офіс, але не атрымалася.

І вось дабраліся да Рэчыцы. Адначасова Беларускае тэлебачаньне распачало такі прапагандысцкі гебэльсаўскі наезд на трэці сэктар, на грамадзкія арганізацыі. Гэта — жаданьне ўладаў выбіць нас з працоўнай каляіны. Думаю, што гэтага ня выйдзе".

XS
SM
MD
LG