Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ БЫЎ ЗАТРЫМАНЫ НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ КХП БНФ СЯРГЕЙ ПАПКОЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў быў затрыманы паставым міліцыянтам, калі выходзіў з будынку сталічнага чыгуначнага вакзалу.

Міліцыянт запатрабаваў, каб спадар Папкоў паказаў дакумэнты й што мае ў кішэнях. Папкоў спрабаваў пратэставаць, але міліцэйскі сяржант выклікаў дапамогу. Апазыцыянэра пасадзілі ў машыну і завезьлі ў чыгуначны пастарунак.

Міліцыянты забралі ў Сяргея Папкова больш за 70 улётак з заклікамі "спыніць расейскую акупацыю Беларусі". Намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ трымалі ў пастарунку больш за тры гадзіны й аформілі на яго пратакол за распаўсюджваньне нелегальных улётак.

Спадар Папкоў паведаміў, што міліцыянты паводзілі сябе досыць карэктна і нават пагаджаліся са зьместам улётак.

(Папкоў: ) "Яны згодныя з тым, што там напісана. Але ім далі каманду зьверху, зь іншых структураў. Мне сказалі, што падчас складаньня пратаколу ўжо былі дзясяткі званкоў зьверху, цікавіліся гэтым пытаньнем".

Сяргей Папкоў лічыць, што яго затрымалі невыпадкова. Апазыцыянэр перакананы, што на вакзале за ім сачылі нейкія людзі ў цывільным, якія пазьней і сказалі міліцыянтам яго затрымаць.

Сяргей Папкоў сьцьвярджае, што не распаўсюджваў ніякіх улётак, а на вакзале ён толькі сустракаўся са сваім знаёмым. У менскім аддзеле міліцыі на транспарце паведамілі, што Сяргея Папкова затрымалі менавіта за распаўсюд улётак, і нібыта ёсьць сьведкі, якія бачылі, што ён раздаваў друкаваныя матэрыялы.

А прэсавы сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал назваў затрыманьне Сяргея Папкова правакацыяй уладаў і спробай запалохаць аднаго зь лідэраў "Беларускага вызвольнага руху".

Вось што думае аб прычынах свайго затрыманьня сам Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Арганізацыі вызвольнага руху зараз імкнуцца даць праўдзівую інфармацыю грамадзянам Беларусі, паказаць сутнасьць сёньняшняга рэжыму й ягоную прадажнасьць. Рэжым парушыў Канстытуцыю — гэта ж злачынства.

І вось, каб ня даць людзям атрымаць праўдзівую інфармацыю, пачынаюць сачыць за кожным з нашай арганізацыі", — лічыць намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў.

Спадар Папкоў таксама не выключае, што міліцыя ды іншыя сілавыя структуры пачалі больш актыўна сачыць за сябрамі іхнай партыі, бо Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ мае намер браць удзел у сёлетніх выбарах і вылучыць кандыдатам на прэзыдэнта свайго лідэра Зянона Пазьняка.

XS
SM
MD
LG