Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ” СЬПЯШАЕЦЦА РАТЫФІКАВАЦЬ ДАМОВУ ПРА АДЗІНУЮ ГРАШОВУЮ СЫСТЭМУ


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня камісія ў міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты ўхваліла гэты дакумэнт і рэкамэндавала яго для ратыфікацыі. Супраць выступіў адзін Віктар Кучынскі, які заявіў, што пагадненьне супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, якая прадугледжвае, што толькі Нацбанк Беларусі можа быць эмісійным цэнтрам на тэрыторыі краіны.

Міністэрства юстыцыі таксама дало заключэньне, што дзеля таго, каб гэтае пагадненьне магло ажыцьцяўляцца, патрэбная зьмена адпаведных артыкулаў Канстытуцыі. Але ў так званай Палаце прадстаўнікоў пагадзіліся, што закон аб ратыфікацыі трэба прымаць у прапанаваным выглядзе ўжо на вясновай сэсіі.

Паводле словаў Анатоля Малафеева, згодна з саюзнай дамовай гэтую калізію зь неадпаведнасьцю пагадненьня Канстытуцыі можна вырашыць, прыняўшы адпаведны Канстытуцыйны акт. Аднак, як паведаміла намесьніца міністра юстыцыі Вольга Сяргеева, ніхто яшчэ не пачынаў працы над гэтым актам.

Падыход жа Нацбанку і ўраду такі, што пасьля ратыфікацыі пагадненьня пра адзіную валюту яно будзе дзейнічаць у той частцы, якая не пярэчыць Канстытуцыі.

Нягледзячы на тую лёгкасьць, зь якой пагадненьне пра адзіную валюту праходзіць праз так званую Палату прадстаўнікоў, застаюцца супярэчнасьці паміж Расеяй і Беларусьсю з-за мэханізмаў ягонай рэалізацыі.

Першы намесьнік старшыні Нацбанку Беларусі Павал Калаур паведаміў, што дасюль не ўрэгулявалі спрэчкі пра тое, якім павінен быць адзіны эмісійны цэнтар. Расейскі бок настойвае, каб ім стаў Цэнтрабанк РФ, беларускі бок даводзіць, што патрэбная сыстэма цэнтральных банкаў, аб’яднаная Валютнай радай, якая зь цягам часу можа пераўтварыцца ў Банк Саюзу.

На думку спадара Калаура, гэта дазволіць Беларусі захаваць свой “манэтарны сувэрэнітэт”:

(Калаур: ) "Калі наконт адзінага эмісійнага цэнтру ня будзе згоды, Рэспубліка Беларусь мае ўсе падставы — юрыдычныя і эканамічныя, каб адмовіцца выкарыстоўваць расейскі рубель цягам трохгадовага пераходнага пэрыяду.

І ўвесьці адзіную грашовую адзінку не раней за 1 студзеня 2008 году, гэта значыць, толькі па стварэньні паўнавартаснага адзінага наднацыянальнага эмісійнага цэнтру саюзнае дзяржавы", — адзначыў намесьнік старшыні Нацбанку Павал Калаур.

Паводле ягоных словаў, пакуль што ў справе ўмоваў пераходу да адзінай валюты няма пэўнасьці. Трэба шмат зрабіць для збліжэньня эканамічных сыстэмаў Беларусі й Расеі, якія цяпер кардынальна розьняцца. І паводле словаў намесьніка міністра эканомікі Сяргея Ткачова, беларускі ўрад ня надта жадае паступіцца сваімі сацыяльна-эканамічнымі прынцыпамі.

Аднак разам з тым Нацбанк і ўрад сьпяшаюцца з ратыфікацыяй гэтага супярэчнага Канстытуцыі пагадненьня. Чаму? Як паведаміў спадар Калаур, праз два дні пасьля ягонай ратыфікацыі павінна паступіць першая транша на 1,5 мільярды з расейскага крэдыту памерам 4,5 мільярды расейскіх рублёў (каля 150 мільёнаў даляраў).

Гэтыя грошы цяпер вельмі патрэбныя, бо золатавалютныя рэзэрвы Нацбанку і Мінфіну Беларусі складаюць на сёньня якраз 150 мільёнаў даляраў.

Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць памылковай гэтую палітыку ўладаў:

(Раманчук: ) "Паперы, што падпісвае Лукашэнка, ня маюць эканамічнага абгрунтаваньня. Дарадца Пуціна Іларыёнаў кажа, што Расея ўвайшла ў пэрыяд рэцэсіяў, што наступныя два гады паменшаюць кошты на нафту ды што расейская эканоміка перажыве яшчэ не адзін крызыс.

Дык навошта ж тады ствараць адзіную валюту й браць расейскі рубель за адзіную валюту, калі яна нестабільная? Расейцы выразна паказалі, што дапамогі ня будзе, калі мы ня будзем трымацца пэўных умоваў".

Больш важным за імкненьне да агульнай грашовай адзінкі Яраслаў Раманчук лічыць задачу ўмацаваньня беларускага рубля.
XS
SM
MD
LG