Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 САКАВІКА Ў БЕЛАРУСІ ПАДВЫШАЕЦЦА МІНІМАЛЬНЫ ЗАРОБАК


Ганна Соусь, Менск

Плянуецца, што з 1 сакавіка мінімальны заробак павялічыцца на 58,3% і складзе 5 700 рублёў. Паводле папярэдніх зьвестак, падвысіцца таксама й тарыфная стаўка 1-га разраду, якая складзе 11500 рублёў. Як мяркуе доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба, беларусы ад гэтага не пабагацеюць.

(Жаліба: ) "Гэта ж ізноў падцягваюць заробкі да цэнаў, якія заўжды наперадзе. Да таго ж Лукашэнка паставіў задачу чыноўнікам Мінфіну й Мінпрацы: любым коштам вывесьці заробак на 100 даляраў.

Гэта штучна робіцца, бо на загад ураду створаны яшчэ адзін стабілізацыйны фонд (мы ўжо шмат іх маем), куды паступаюць сродкі дадатковыя зь бюджэту ці ад эканоміі бюджэтных выдаткаў.

Выходзіць, што бюджэтнікам падвышаюць заробкі іхным жа коштам — ім не дадуць кампутараў ды іншага. Болей узяць грошай няма адкуль. Гэта ўсё частка перадвыбарчай кампаніі, што пачаў Лукашэнка".

Паводле Барыса Жалібы, штучнае падвышэньне заробкаў да 100 даляраў ня ёсьць яшчэ павелічэньнем рэальнай аплаты працы.

На думку ж былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча, падвышэньне “мінімалкі” зьвязана з інфляцыяй ды ростам цэнаў.

(Багданкевіч: ) "Я ўзгадваю апытаньні грамадзкай думкі пасьля апошняга вялікага падвышэньня "мінімалкі" на 40%. Тады 65% апытаных выказаліся, што падвышэньне мінімальнага заробку не прывядзе да росту дабрабыту насельніцтва.

Нават неспэцыялісты разумеюць, што гэткія падвышэньні спазьняюцца. Акрамя таго, гэта цягне далейшы рост цэнаў. Да таго ж, у нас усё прывязанае да "мінімалкі" — штрафы, няўстойкі, пэні. Нават штрафы за адміністрацыйныя парушэньні суды прызначаюць мінімальнымі заробкамі".

Таму гэткае падвышэньне "мінімалкі" варта разглядаць і ў сувязі з масавымі акцыямі, якія неўзабаве пачнуцца перад прэзыдэнцкімі выбарамі — будуць жа арышты й штрафы. І плаціць цяпер за "парушэньні грамадзкага парадку" прыйдзецца больш як раней.

XS
SM
MD
LG