Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБРАБАВАНЯ АДЗІНАЯ Ў МАГІЛЁВЕ НЕЗАЛЕЖНАЯ ГАЗЭТА “ДЭ-ФАКТА”


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Апошнім часам рэдакцыя газэты была вымушаная перавезьці кампутары і іншую арганізацыйную тэхніку з гэтэлю “Днепр” у іншае месца. Пасьля таго, як падатковая інспэкцыя арыштавала рахункі “Дэ-факта”, рэдакцыю газэты высялілі з памяшканьня. Часовы прытулак супрацоўнікі газэты знайшлі ў свайго знаёмага. Усе спробы арандаваць новае памяшканьне пакуль што былі марныя – нягледзячы на цяжкасьці, выданьне накладам больш за дзьве тысячы асобнікаў двойчы зьяўлялася ў шапіках. Матэрыялы друкавалі ў офісе знаёмца аднаго з супрацоўнікаў газэты. Пра пераезд ведалі нямногія, тым ня менш невядомыя абрабавалі яе на некалькі тысячаў даляраў.

Супрацоўнікі Цэнтральнага РАЎС Магілёву адмаўляюцца камэнтаваць падзею і заяўляюць, што вядзецца сьледзтва. Аднак, яны ўпэўненыя, што рабаўніцтва – справа рук звычайнага крымінальніка і ня мае палітычнага падтэксту. Супрацоўнікі газэты ня схільныя так лічыць. Вядома, што рабаўнікі трапілі ў памяшканьне, падабраўшы ключы. Вядома, што незадоўга да гэтага рабаўніцтва ў гатэлі “Днепр” быў скрадзены факс.

Адметна, што незадоўга да гэтага выпадку на першай старонцы газэты выйшаў артыкул “Акцыя пратэсту свабоднага прафсаюза адбылася пад безупыннай відэаздымкай супрацоўнікаў КГБ і МУС”. Гэты артыкул выклікаў хваравітую рэакцыю прадстаўнікоў управы КГБ, якія накіравалі ў газэту адпаведную заяву, і праз тыдзень пасьля гэтых падзеяў яна была абрабаваная. Пошукі злачынцаў вядуцца, аднак пакуль-што рэдакцыя ня мае магчымасьці набіраць газэту. Нагадаю, на сёньня “Дэ-факта” адзіная незалежная газэта ў Магілёве, бо тыднёвік “Магілёў” выходзіць толькі ў Інтэрнэце.

Сытуацыю з абрабаваньнем газэты камэнтуе старшыня рэдакцыйнай рады “Дэ-факта” Марына Ірхо:

(Ірхо: ) “Рабіць канчатковыя высновы пакуль што рана. Аднак той факт, што не былі кранутыя іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці апрача той тэхнікі, на якой выпускалася “Дэ-факта”, сьведчыць пра многае. Напрыклад, ня быў скрадзены тэлевізар, сканэр і гэтак далей. Магчыма, той, хто пайшоў на гэтую справу, за матэрыяльнымі каштоўнасьцямі ня гнаўся. Мы ня першая газэта, зь якой здарылася такое начное рабаўніцтва. Рабаўнікоў зацікавіў менавіта кампутар, на якім газэта вярсталася, на якім утрымлівалася самая важная інфармацыя, архіў і (самае галоўнае) электронныя шаблёны. Фактычна газэце нанесены ўдар ніжэй пояса, бо тая тэхніка, што засталася, непрыдадтная для выпуску газэты. Мяркуючы па тым, што рабаўнікі трапілі ў памяшканьне, падабраўшы ключы, як сьведчаць папярэднія дадзеныя міліцыі, “Дэ-факта” зацікавіліся менавіта прафэсіяналы”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG