Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАЛДОВЕ ПЕРАМАГЛІ КАМУНІСТЫ


Сяргей Навумчык, Прага

Летась у ліпені парлямэнт Малдовы ўнёс папраўкі ў Канстытуцыю і ператварыў краіну ў парлямэнцкую рэспубліку. Пасада прэзыдэнта засталася, аднак ягоныя паўнамоцтвы былі істотна абмежаваныя, да таго ж, абірацца ён павінен быў не насельніцтвам, а парлямэнтам. Два месяцы таму, летась у сьнежні, парлямэнт так і ня здолеў абраць прэзыдэнта, быў распушчаны, у краіне былі абвешчаныя новыя выбары.

Сёньня стала вядома, што камуністы будуць мець больш як 60 мандатаў у стоаднамандатным парлямэнце, і гэта дае ім права абраць новага прэзыдэнта. Праўрадавы “альянс Брагіша” набраў 13 адсоткаў, а Народны Фронт – восем адсоткаў галасоў. Астатнія партыі не перакрочылі 6-адсоткавы бар’ер і ня будуць мець прадстаўніцтва ў парлямэнце.

Вось як ацаніў выбары ў Малдове кіраўнік групы назіральнікаў АБСЭ, амбасадар Чарльз Магі.

(Магі: ) “Мы былі вельмі задаволеныя тым, як адбываліся выбары ў Малдове. Мы мяркуем, што ў асноўным яны былі празрыстымі і добра арганізаванымі. Гэта, канешне, дазваляе казаць пра дэмакратычнасьць выбару ў гэтай краіне”.

Заўважым, што гэтая ацэнка кіраўніка групы назіральнікаў АБСЭ тычыцца менавіта працэсу выбараў, а не палітычнага іх выніку.

А вынік гэты можна прадбачыць, азнаёміўшыся з праграмай Партыі камуністаў Малдовы, якая вызначаная ў ім як “партыя рабочага клясу і працоўнага сялянства… Яна настойліва змагаецца за вяртаньне рэспублікі на сацыялістычны шлях разьвіцьця, маючы ў якасьці канчатковай мэты пабудову камуністычнага грамадзства”. Лідэр парты, а цяпер ўжо і верагодны кандыдат на пасаду прэзыдэнта, 60-гадовы Ўладзімер Варонін назваў сёньня дзесяцігадовы пэрыяд незалежнасьці Малдовы пэрыядам “генацыду”. Ацэньваючы ўчорашнія выбары, Варонін заявіў:

(Варонін: ) “Удзел выбаршчыкаў, іх голас дазволяць зьмяніць сытуацыю кардынальна. Пад кардынальнай зьменай маецца на ўвазе тое, каб усе рэформы мелі пачатак і мелі канец, і каб усе гэтыя недахопы, што былі за дзесяць гадоў дэмакратычных ператварэньняў, былі прыпыненыя, і быў ўзяты патрэбны, правільны накірунак у разьвіцьці рэспублікі".

Спадар Варонін заявіў таксама, што (цытую) “генацыд, учынены дэмакратамі супраць свайго народу, рана ці позна павінен быў ім адгукнуцца”. Заўважым, аднак, што прэзыдэнт Пётра Лучынскі быў першым сакратаром ЦК кампартыі Малодовы, выходцам з камуністычнай намэнклятуры зьяўляўся і папярэдні прэзыдэнт Мірча Сьнегур. Кіруючыя пасады ў Малдове займалі колішнія партыйныя функцыянэры.

Аднак і Сьнегур, і Лучынскі імкнуліся будаваць адносіны з Расеяй на парытэтных пачатках і даволі асьцярожна ставіліся да інтэграцыйных ініцыятываў кшталту Беларуска-расейскага “саюзу”.

Малдоўскія ж камуністы лічаць далучэньне да гэтага саюзу адной з першачарговых мэтаў. Другая мэта – наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай мовы.

Камуністы Малдовы выступаюць за аднаўленьне былога СССР у форме “Фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік”, але пры гэтым запісалі ў сваёй праграме, што гісторыя малдаўскай дзяржаўнасьці пачынаецца з 14-га стагодзьдзя, што розьніць іх ад беларускіх камуністаў, якія не прызнаюць ні Вялікае Княства Літоўскае, ні БНР у якасьці рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасьці.

Сёньня раніцай Уладзімер Варонін заявіў, што ягоная партыя ня мае намеру манапалізаваць уладу і створыць (цытую) “урад тэхнакртатаў не паводле прынцыпу партыйнай прыналежнасьці, а паводле прафэсіяналізму”.

У партыйным сьпісе, зь якім малдоўскія камуністы выйгралі ўчорашнія выбары, я налічыў 13 аграномаў, 7 заатэхнікаў і ветэрынараў, а сярод трынаццаці настаўнікаў – тры выкладчыкі расейскай мовы.

Аднак выглядае, што кадравыя прызначэньні – самая лёгкая мэта, якая паўстане перад будучым прэзыдэнтам. Куды больш складанай ўяўляецца праблема Прыднястроўя – тэрыторыі, якая не прызнае малдоўскага сувэрэнітэту, і кіраўніцтва якой падтрымліваецца Расеяй. Дарэчы, нягледзячы на інтэграцыйную рыторыку малдоўскіх камуністаў, Малдова, паводле свайго геаграфічнага станорвішча і эканамічнага патэнцыялу, уяўляе невялікую цікавасьць для Расеі. Яна ня мае для Масквы такога істотнага транзытнага ды абарончага значэньня, як Беларусь ці Ўкраіна.

І ўсё ж далучэньне Малдовы да беларуска-расейскага саюзу, бяспрэчна, можа мець вялікае сымбалічнае значэньне для прыхільнікаў аднаўленьня імпэрыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG