Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 СТАРОНАК ПРА ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ Ў ДАКЛАДЗЕ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША


Кастусь Бандарук, Прага

Як і ў апошнія некалькі гадоў, шмат месца ў справаздачы – 50 старонак – прысьвечана парушэньням правоў чалавека ў Беларусі.

У Беларусі сыстэма кіраваньня, у якой амаль уся ўлада сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнта і вузкага кола ягоных дарадцаў –гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту. Аляксандар Лукашэнка скарыстаў рэфэрэндум 1996 году, каб зьмяніць Канстытуцыю, падпарадкаваць сабе ўсе галіны ўлады і працягнуць тэрмін свайго знаходжаньня на пасадзе. Міжнародная супольнасьць у асноўным крытычна паставілася да сумнеўнага рэфэрэндуму, не прызнае Канстытуцыі 96 году, заканадаўчай ўлады, а таксама тое, што Лукашэнка застаецца на пасадзе, хаця тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся ў ліпені 1999 году.

Хаця канстытуцыя прадугледжвае падзел улады, у
дакумэнце нагадваецца, што парлямэнт Беларусі, тэрмін якога скончыўся ў лістападзе летась, таксама ня быў абраны, але прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам. Судовая ўлада таксама падпарадкаваная яму. Аховай правапарадку і ўнутранай бясьпекай у Беларусі займаецца КГБ і міністэрства ўнутраных справаў, якія таксама падсправаздачныя прэзыдэнту.

Паводле гадавой справаздачы Дзярждэпаратамэнту ЗША, палітычнае кіраўніцтва Беларусі супраціўляецца эканамічным рэформам і аддае перавагу плянавай эканоміцы. Улады заяўляюць, што гадавы рост валавага нацыянальнага прадукту складае 6 адсоткаў, аднак незалежныя экспэрты лічаць, што рост быў вынікам сукупнай вытворчасьці і падтрымліваецца датацыямі стратным дзяржаўным прадпрыемствам.

У дакладзе адзначаецца, што ўрад мае вельмі нізкі каафіцыент захаваньня правоў чалавека, і гэты паказьнік у многіх галінах няўхільна пагарашаецца. Улады жорстка абмежавалі права грамадзянаў на пераабраньне ўраду, а Лукашэнка прыняў жорсткія меры для нэўтралізацыі палітычных апанэнтаў. Улады не зрабілі сур’ёзных спробаў высьвятліць выпадкі зьнікненьня вядомых апазыцыйных палітыкаў у мінулым годзе. Сілы бясьпекі працягвалі зьбіваць палітычных апанэнтаў і затрыманых.

Паводле справаздачы Дзярждэпаратамэнту ЗША, надалей кепскія былі ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах. Вязьні сьпяць па двое ў адным ложку, не хапае харчоў і лекаў, сярод зьняволеных пашыраныя хваробы – сухоты і СНІД. Сілы бясьпекі беспадастаўна арыштоўвалі і затрымлівалі грамадзянаў асабліва пад час несанкцыянаваных вулічных дэманстрацыяў, узрасла колькасьць відавочна палітычных затрыманьняў, хаця і многіх затрыманых адпускалі на свабоду.

Затрыманых не інфармавалі пра іхныя правы і не дазвалялі сустрэцца з адвакатам. Надзвычай працяглыя тэрміны ўтрыманьня пад вартай і зацягваньне судовых разьбіральніцтваў былі звычайнымі зьявамі, –гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША. Органы правапарадку парушалі права грамадзянаў на асабістае жыцьцё і ўважліва сачылі за дзеяньнямі апазыцыйных палітыкаў ды іншых катэгорыяў грамадзянаў.

У гадавой справаздачы Дзярждэпаратамэнту ЗША гаворыцца, што летась улады Беларусі далей абмяжоўвалі свабоду слова, друку, сходаў, рэлігіі і згуртаваньняў. Агенты службы бясьпекі сачылі за назіральнікамі ў пытаньнях правоў чалавека і перашкаджалі ім у працы. Праблемай у Беларусі застаецца дыскрымінацыя жанчынаў. Працягваецца ціск на Рыма-каталіцкую і пратэстанцкія цэрквы, мае месца таксама антысэмітызм ў грамадзтве.

Затым у справаздачы падрабязна гаворыцца пра выпадкі правапарушэньняў у паасобных катэгорыях. У рубрыцы “зьнікненьні” пералічаныя выпадкі і акалічнасьці зьнікненьня: Зьмітра
Завадзкага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Тамары Віньнікавай. Урад не зрабіў ніякіх крокаў для вышуку зьніклых апанэнтаў рэжыму.

Назіральнікі ў правох чалавека мяркуюць, што яны былі забітыя за іхную палітычную дзейнасьць, – падкрэсьліваецца ў гадавой справаздачы. Насуперак Канстытуцыі, міліцыя зьбівала затрыманых, у тым ліку намесьніка КХП БНФ Юрася Беленькага і адваката Алега Волчака. Турэмныя ахоўнікі зьбівалі вязьняў, а таксама ўжывалі супраць іх псыхалягічны ціск. Улады замоўчвалі шматлікія выпадкі фізычнага і псыхалягічнага зьдзеку над навабранцамі ў войску. Гэтая зьява называецца “дзедаўшчынай”.

Адносна кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбараў у дакумэнце гаворыцца, што яны не адпавядалі мінімальным патрабаваньням адносна свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў. Да такой высновы прыйшла, у прыватнасьці, Арганізацыя бясьпекі і супрацоўнітцва ў Эўропе. Урад груба абмежаваў грамадзкі ўдзел у выбарчых камісіях.

Працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў шмат разоў парушаліся з мэтай не дапусьціць да ўдзелу у выбарах непажаданых і апазыцыйна настроеных кандыдатаў. Выбарчая актыўнасьць у многіх акругах ня склала неабходных 50-ці адсоткаў, аднак выбарчыя камісіі фальсыфікавалі і зьмянялі сьпісы выбаршчыкаў, каб забясьпечыць патрэбную яўку.

Працяг слухайце ў нашай заўтрашняй праграме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG