Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЛЫ АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ЗЬНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЕ ЗАБЕСЬПЯЧЭНЬНЕ ВЫБАРАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Перад пачаткам нарады журналістам удалося спытацца ў міністра замежных справаў Міхала Хвастова пра ягонае стаўленьне да жаданьня новай улады Малдовы далучыцца да расейска-беларускага саюзу.

(Хвастоў: ) "Да гэтай заявы палітычнай партыі трэба паставіцца як да заявы. Надалей мы прымем любое рашэньне, якое падтрымае парлямэнт Малдовы".

(Карэспандэнт: ) "Тэарэтычна — ці магчыма далучыць Малдову да саюзу Беларусі й Расеі?"

(Хвастоў: ) "Я думаю, што гэта пытаньне да малдаўскага боку".

(Карэспандэнт: ) "А Беларусь што думае?"

(Хвастоў: ) "Я ж кажу: Беларусь разгледзіць рашэньне малдаўскага парлямэнту. Беларускі бок наўрад ці вырашае прынцыпова гэтае пытаньне. Беларускі бок прыме рашэньне, якое будзе прынятае, калі яно будзе прынятае", — зазначыў віцэ-прэм'ер ды міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў ды пайшоў адкрываць нараду зь беларускімі амбасадарамі.

Напярэдадні нарады намесьнік міністра замежных справаў і генэральны сакратар МЗС Аляксандар Пятроў паведаміў, што ў сёлетнім пляне дыпляматычнага ведамства больш як 200 мерапрыемстваў, але “найважнейшае — замежнапалітычнае забесьпячэньне выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі”.

З просьбаю пракамэнтаваць гэтае заданьне журналісты зьвярнуліся да беларускага амбасадара ў ЗША Валер’я Цапкалы.

(Цапкала: ) "Натуральна, гэтую працу трэба пачынаць загадзя, але я яшчэ раз хацеў бы падкрэсьліць, што сёньня, пры несфармаванай адміністрацыі ЗША, цяжка пакуль казаць пра нейкую практычную працу.

Увогуле, мы й былі скіраваныя (я маю на ўвазе амбасаду) на ўсталяваньне супрацоўніцтва з патэнцыйнай адміністрацыяй. Я вось, напрыклад, меў сустрэчы з Колінам Паўэлам да ягонага прызначэньня на пасаду дзяржсакратара. Былі сустрэчы й зь іншымі.

Цяпер, дарэчы, наш зямляк заняў ключавы пост у Міністэрстве абароны. Доў Заг Хаім стаў намесьнікам міністра абароны Злучаных Штатаў — у нас усталяваліся вельмі добрыя стасункі яшчэ да ягонага прызначэньня, калі ён узначальваў толькі юрыдычную кампанію".

Амбасадар Беларусі ў Вашынгтоне на маю просьбу пракамэнтаваў і нядаўнюю заяву ягонага амэрыканскага калегі ў Менску Майкла Козака пра тое, што ЗША й надалей будуць прызнаваць адзіным легітымным парлямэнтам Беларусі Вярхоўны Савет 13-га скліканьня.

(Цапкала: ) "Злучаныя Штаты, сапраўды, пазыцыю сваю вызначылі ў дачыненьні да парлямэнту. Цяпер важная ня толькі ды ня столькі пазыцыя Злучаных Штатаў, а тое, якую пазыцыю выпрацуе АБСЭ, у тым ліку што да беларускага парлямэнту.

Пакуль пазыцыя АБСЭ дастаткова стрыманая, але й не ўхвалілі й галоўнага, гэта значыць — пакуль не прызнаная або ўжо не прызнаная адназначная легітымнасьць Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Зрэшты, для выканаўчай улады гэта ёсьць пазытыўным момантам.

Але, мяркуючы па ўсім, будзе ўсё адно супрацоўніцтва зь цяперашнім нашым парлямэнтам. І яно будзе, зыходзячы з таго, што неабходна вырашаць практычныя пытаньні.

Напрыклад, калі мяне запрашаюць у Дзяржаўны дэпартамэнт і просяць ратыфікаваць нейкі закон, дык яны цудоўна разумеюць, што гэты закон будзе ратыфікаваць не Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, а менавіта парлямэнт, што дзейнічае цяпер", — заявіў Валеры Цапкала, беларускі амбасадар у ЗША, перад пачаткам менскае нарады ўсіх кіраўнікоў дыпляматычных місіяў Беларусі ў замежжы.

XS
SM
MD
LG