Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ – НТВ: КАНФЛІКТ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ва ўчорашнім вечаровым эфіры тэлеканалу НТВ быў заплянаваны паказ францускага баевіка "Дабэрман". Некалькі дзён запар па НТВ дэманстравалі ўрыўкі з гэтага фільму пра нахабнага рабаўніка па мянушцы "Дабэрман", на якога палюе жорсткі паліцыянт.

Але, калі надышоў час дэманстрацыі фільму, замест "Дабэрману" беларускія гледачы ўбачылі запіс забаўляльнай праграмы КВН, якую звычайна паказвае іншы расейскі канал — ОРТ.

Бягучы радок на экране паведамляў гледачам: "Абвешчаны ў праграме мастацкі фільм "Дабэрман" забаронена паказваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі паводле рашэньня Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту й жорсткасьці".

Гэтая экспэртная грамадзкая камісія дзейнічае пры Міністэрстве культуры Беларусі з 1992 году й дае дзяржаўным структурам свае высновы наконт шкоднасьці таго ці іншага фільму для грамадзкай маралі. (У чорны сьпіс экспэртнай камісіі ўжо трапілі 27 фільмаў.)

Вось што паведаміў нашаму радыё сябра экспэртнай камісіі, начальнік дзяржаўнага рэгістру кінавідэапраграмаў Аляксандар Казятнікаў:

(Казятнікаў: ) "Некалі гэты фільм быў забаронены рашэньнем Рэспубліканскай экспэртнай камісіі. У 1999-м годзе НТВ паказвала яго, і пракуратура Беларусі зьвярнулася да Міністэрства сувязі з просьбай не трансьляваць гэтага фільму — яго й зьнялі.

У фільме псыхапаталягічная атмасфэра, наркотыкі, алькаголь, жорсткасьць, гвалт, элемэнты эротыкі. І ўсе героі — і злачынцы, і паліцыянты — аднолькавыя".

Разам з тым спадар Казятнікаў заявіў, што, забараніўшы фільм, улады ня ставілі за мэту прымусіць НТВ спыніць сваё вяшчаньне на Беларусь, ды ўвогуле ўсё нібыта адбылося ў рамках закону.

Іншую думку на гэты конт мае дырэктар эфірнага вяшчаньня тэлеканалу НТВ Алег Тачылін:

(Тачылін: ) "Я ўсё ж такі думаю, што гэта зьвязана са справай самавольнага захопу беларускімі ўладамі нашага рэклямнага часу. Думаю, што шукаюць падставаў, каб і фільмы нашы здымаць з той жа прычыны".

Паводле спадара Тачыліна, НТВ ад такіх дзеяньняў мае вялікія фінансавыя страты, і кіраўніцтва тэлеканалу абавязкова падасьць на беларускія ўлады ў суд. Ён таксама не выключае, што беларускі бок проста хоча змусіць НТВ спыніць вяшчаньне на Беларусь.

А вось меркаваньне вядомага беларускага тэлежурналіста, колішняга рэдактара студыі "Палітыка" Леаніда Міндліна:

(Міндлін: ) "Калі ўсе мы рыхтуемся да выбараў, улада, на мой погляд, вырашыла папярэдзіць расейскія тэлеканалы, што можна зрабіць, калі яны будуць непаслухмяныя. Больш за тое — я ўпэўнены, што так яно й будзе. Асабліва апошнія 2-3 месяцы перад выбарамі. Будуць адключаць і грамадзка-палітычныя праграмы, і інфармацыйныя праграмы".

Леанід Міндлін таксама не выключае, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўлады могуць цалкам спыніць вяшчаньне на Беларусь расейскіх тэлеканалаў.

XS
SM
MD
LG