Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМУНІСТЫ МАЛДОВЫ ХОЧУЦЬ У БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ САЮЗ


Валер Каліноўскі, Менск

Афіцыйныя беларускія дзеячы пакуль што разгубленыя пасьля заяваў Уладзімера Вароніна. Відавочна, яны чакаюць, калі выкажацца Аляксандар Лукашэнка. Прэсавы сакратар апошняга Мікалай Барысевіч паведаміў, што ніякай рэакцыі ад Аляксандра Лукашэнкі пакуль няма. Гаворыць Мікалай Барысевіч:

(Барысевіч: ) "Далучэньне да любога саюзу — права любой сувэрэннай дзяржавы. Што да саюзу Беларусі й Расеі, дык ня раз жа падкрэсьлівалі, што гэта саюз адкрыты. Калі нейкая краіна хоча да гэтага саюзу далучыцца, гэта вырашае сама краіна і члены саюзу. Саюз адкрыты".

Былы сьпікер так званай Палаты прадстаўнікоў, а цяпер старшыня сталай камісіі ў міжнародных справах і сувязях з СНД Анатоль Малафееў адносна магчымасьці далучэньня Малдовы да саюзу Беларусі й Расеі заявіў:

(Малафееў: ) "Пакуль такой тэмы для мяне не існуе".

Першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімер Вялічка мяркуе, што адной заявы лідэра малдаўскіх камуністаў мала, трэба дзяржаўнае рашэньне ці рэфэрэндум:

(Вялічка: ) "Гэта ж не мэханічны нейкі працэс. Гэта ж ня селі ў цягнік, прыехалі, пагуляліся, не спадабалася — паехалі назад. Малдова ўжо далучалася да Румыніі, была ў аўтаноміі. Пасьля сказалі: безь левабярэжжа Малдова нам не патрэбная".

Уладзімер Вялічка мяркуе, што, калі й будзе далучэньне Малдовы да саюзу Беларусі й Расеі, дык вельмі няхутка. Гэта немагчыма без вырашэньня прыднястроўскай праблемы.

Сяргей Касьцян паставіўся да вестак з Кішынёву з пэўным энтузіязмам, хаця і ён мяркуе, што гэта ня так проста, улічваючы, што Малдова ня мае агульнай мяжы з Расеяй ці Беларусьсю:

(Касьцян: ) "Гэта складана, вы бачыце, як Югаславія ўжо гатовая была ўступіць, а ёй навязалі вайну й зрабілі пераварот, каб яна не магла ўступіць. Таму ўлічваючы, якія сілы працуюць у Малдове, супраціў будзе вялікім".

Сяргей Касьцян чакае, калі да саюзу пачнуць далучацца іншыя краіны СНД.

Апазыцыйныя палітыкі менавіта ў гэтым бачаць небясьпеку. Аляксей Кароль мяркуе, што скарыстаўшыся перамогай камуністаў у Малдове, крызысам ва Ўкраіне, цяжкім матэрыяльным становішчам у Армэніі, новае расейскае кіраўніцтва можа распачаць рэінтэграцыю колішняй імпэрыі, што распалася ў 1991 годзе:

(Кароль: ) "Гэта найгоршае, што можа быць. Падобна да сытуацыі 1920-х гадоў. Напачатку было такое разьмежаваньне функцыяў, што можна было пазайздросьціць. А пераўтварылася ўсё ў СССР. Ёсьць цяпер такая ж небясьпека — асабліва калі гэтыя тэндэнцыі будуць разьвівацца".

Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка таксама мяркуе, што падзеі ў Малдове не абышліся без расейскага ўплыву й крамлёўскага сцэнару:

(Заіка: ) "Расея сваімі пошлінамі практычна адрэзала свой рынак ад Малдовы. Можна лічыць, што перамога там камуністаў — гэта праекцыя жорсткай эканамічнай палітыкі Расеі ў дачыненьні да Малдовы. Гэта ўвогуле рэалізацыя доўгатэрміновай стратэгіі Расеі, калі Малдова была ізаляваная, калі практычна праводзілася блякада".

І гэтая расейская палітыка не абмяжоўваецца адной Малдовай, мяркуе Леанід Заіка. На ягоную думку, самае важнае зьвяно тут — Украіна. Беларусь жа пры ўсім гэтым можа атрымаць магчымасьць манеўру ва ўмовах, калі Расея больш зацікавіцца іншым партнэрамі па СНД.

Аляксандар Дабравольскі, наадварот, прапануе ня ставіцца да заяваў малдаўскіх камуністаў вельмі сур'ёзна:

(Дабравольскі: ) "Заявы камуністаў, хай сабе яны й прыйшлі да ўлады, пакуль што ня сьведчаць пра тое, што гэта магчыма. Я думаю, што Малдове гэта фактычна нічога ня дасьць. Ды й гэты саюз — вялікая палітычная фантасмагорыя".

І Аляксандар Дабравольскі, і Аляксей Кароль, і Леанід Заіка лічаць, што Аляксандар Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць прапановы з Кішынёва ў сваёй перадвыбарчай прапагандзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG