Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЁТАР МАРЦАЎ: ГРАЧОВА ЗМУСІЛІ АДМОВІЦЦА АД СВАЙГО ІНТЭРВІЮ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сп. Марцаў паведаміў, што газэта мае аўдыёзапіс інтэрвію Грачова, у якім ёсьць зьвесткі пра злачынствы супрацоўнікаў беларускіх спэцслужбаў.

Галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў заявіў сёньня Радыё Свабода, што зьвесткі пра ягоную газэту, якія прагучалі ўчора ў праграме дзяржаўнага тэлебачаньня “Рэзананс” — хлусьня.

Нагадаю, у "Рэзанансе" выступіў былы кіраўнік кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня Міністэрства культуры Аляксандар Грачоў і заявіў, што ніколі не даваў газэце інтэрвію пра справу былой дырэктаркі цырку Тацяны Бандарчук і не казаў, што яго з-за гэтай справы выкрадалі супрацоўнікі спэцслужбаў, якія яго жорстка зьбілі.

Паводле “Белорусской делавой газеты”, Грачоў пазнаў у адным са сваіх катаў Валер'я Ігнатовіча, які фігуруе ў справе пра зьнікненьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Учора ад гэтых сваіх ранейшых словаў былы рэвізор Міністэрства культуры публічна адмовіўся. Пётар Марцаў, аднак, настойвае на ранейшай інфармацыі.

(Марцаў: ) "Вядома, мы не вар’яты, каб друкаваць амаль на паласу інтэрвію і ня мець запісу. Усё, што надрукавана ў газэце, адпавядае гэтаму запісу, і мы можам яго прадаставіць".

Паводле яго, інтэрвію з Аляксандрам Грачовым праводзілі супрацоўнікі аддзелу расьсьледаваньняў газэты. Размова адбылася дакладна ў той дзень, калі Грачова звольнілі зь Міністэрства культуры.

Журналістам стала вядома, што менавіта Грачоў спрычыніўся да ініцыятывы распачаць справу супраць дырэктаркі цырку Тацяны Бандарчук, і яны прапанавалі Грачову даць інтэрвью. Пётар Марцаў не выключае, што інтэрвію на той момант нечым дапамагло Грачову, але потым абставіны маглі зьмяніцца. Адмову Грачова ад усіх сваіх ранейшых словаў рэдактар “БДГ” тлумачыць ціскам спэцслужбаў.

(Марцаў: ) "Чалавека проста запалохалі. Думаю, нейкая рэакцыя сілавых структураў была пасьля інтэрвію".

Паводле рэдактара “БДГ”, пасьля размовы з Грачовым журналісты праверылі ягоныя зьвесткі. Аказалася, што найбольш дасьведчаны Грачоў быў у справе дырэктаркі цырка, але й ягоная інфармацыя адносна Ігнатовіча, які праходзіць па справе зьніклага апэратара ОРТ Завадзкага, таксама вартая ўвагі. З гэтай інфармацыі было надрукавана ня ўсё, але, калі будзе патрэба, цытаваньне Грачова можна будзе працягнуць.

Дадам, што рэдакцыя прадаставіла мне кароткі фрагмэнт запісу інтэрвію Аляксандра Грачова. Менавіта ў гэтым фрагмэнце ён распавядае пра тое, што ў справе Завадзкага фігуруюць 16 відэакасэтаў з запісамі злачынных дзеяньняў спэцназаўцаў.

(Грачоў: ) "Мне вядома пра 16 касэтаў, і на гэтых касэтах — забойствы".

Гэтак казаў Аляксандар Грачоў. Рэдакцыя “БДГ” настойвае, што інтэрвію, ад якога ўчора публічна адмовіўся Грачоў, сапраўды было.

XS
SM
MD
LG