Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ МОВА – ГРУНТ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ


Валянціна Аксак, Менск

Канфэрэнцыю ўчора супольна ладзілі Цэнтар правоў чалавека ды Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны.

Пераважная бальшыня выступоўцаў засяроджвала ўвагу на непарыўнай сувязі паміж праблемаю жыцьця нацыянальнае мовы ды захаваньнем незалежнасьці краіны.

Адна з выніковых рэзалюцыяў канфэрэнцыі называецца "Беларуская мова — грунт нацыянальнай ідэі". Я запыталася ў Мечыслава Грыба — былога сьпікера Вярхоўнага Савету, які падпісаўся пад Канстытуцыяй 1994 году, наколькі яму падаецца слушнаю менавіта такая ўзаемасувязь.

(Грыб: ) "Я згодны, што ў нас мусіць быць адзіная дзяржаўная мова — беларуская. Я гэтак і раней лічыў, і зараз. Тая Канстытуцыя, што мне давялося падпісаць, мову падавала адзіную — беларускую.

Я сам ня так даўно пачаў размаўляць па-беларуску, я яшчэ ня надта добра ведаю мову. Але калі мяне прызначылі старшынём Вярхоўнага Савету, я вырашыў, што мушу гаварыць па-беларуску. Я пастараўся яе вывучыць, таму мне блізкія тыя пытаньні, што сёньня абмяркоўваюць".

(Карэспандэнт: ) "Ці можа сёньня мова аб'яднаць грамадзтва?"

(Грыб: ) "Разьлічваць адно на мову й казаць, што ад яе ўсё залежыць, — гэта не зусім слушна. Трэба глядзець праўдзе ў вочы. Ці не палова нашага насельніцтва карыстаецца той мовай, якая зручная ім.

Таму мусяць быць іншыя дзеяньні таксама, супольны плян дзеля дэмакратызацыі грамадзтва й стварэньня грамадзянскае супольнасьці, якой пакуль што ня маем. А мова будзе добра ўпісвацца ў гэтыя намеры", — сказаў былы старшыня Вярхоўнага Савету, а цяпер старшыня Каардынацыйнае рады назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб.

Яшчэ адной праблемай, па выніках абмеркаваньня якой прынялі рэзалюцыю, ёсьць спроба ўладаў краіны надаць праваслаўнай канфэсіі статус дзяржаўнае. Удзельнікі канфэрэнцыі асудзілі такую спробу.

У працы канфэрэнцыі, апрача грамадзкіх ды палітычных дзеячаў з усіх рэгіёнаў краіны, браў удзел прадстаўнік міжнароднае праваабарончае арганізацыі "Amnesty International" Мэцью Прынгл. У сваім выступе ён падкрэсьліў, што занепакоены парушэньнямі ў Беларусі палітычных і нацыянальных правоў ды адсутнасьцю сапраўднае свабоды веравызнаньня.
XS
SM
MD
LG