Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЙКЛ КОЗАК: ЗША НАДАЛЕЙ ПРЫЗНАЮЦЬ ВЯРХОЎНЫ САВЕТ АДЗІНЫМ ЛЕГІТЫМНЫМ ПАРЛЯМЭНТАМ БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Віталь Цыганкоў, Менск

Амбасадар Козак заявіў, што Злучаныя Штаты й надалей будуць прызнаваць адзіным легітымным парлямэнтам Беларусі Вярхоўны Савет 13-га скліканьня.

(Сьвірко: ) “Спадар амбасадар, Вы чакалі сустрэчы са спадаром Лукашэнкам больш за 4 месяцы. Ці можаце Вы назваць гэты пэрыяд страчаным, або Вы змаглі яго неяк выкарыстаць?”

(Козак: ) “Канешне, гэта быў напружаны пэрыяд. Нехта можа спрачацца, страціў я час ці не, але мая жонка заўсёды знаходзіць мяне ў офісе. Я думаю, мы добра выкарысталі час. У гэты пэрыяд мы спрабавалі ажыцьцяўляць нашыя праграмы дапамогі Беларусі, якія ёсьць істотнымі, як Вы ведаеце. Мы падтрымлівалі нашыя праграмы цягам апошніх сямі-васьмі год, скіроўваючы іх на падтрымку беларускіх людзей, няўрадавых арганізацыяў і гэтак далей. Сёлета мы пераарыентавалі іх, каб зрабіць іх яшчэ больш адпаведнымі бягучым падзеям ды падтрымцы дэмакратыі, разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці.

Я думаю, што ў гэты пэрыяд мы мелі дзьве вельмі важныя міжнародныя донарскія канфэрэнцыі, каб скаардынаваць тую дапамогу, якая паступае ў краіну для падтрымкі правоў чалавека ды грамадзянскай супольнасьці. Адна зь іх адбылася у лістападзе ў Брусэлі, а другая зусім нядаўна (на мінулым тыдні) – у Вашынгтоне.
Узровень міжнароднае цікавасьці да Беларусі быў вельмі вялікі, і я думаю, нам з нашымі сябрамі ды хаўрусьнікамі ў міжнароднай супольнасьці ўдалося скаардынавацца вельмі эфэктыўна. Вось над чым мы працавалі цягам апошніх месяцаў”.

(Сьвірко: ) “Як Вы адрэагавалі на той факт, што першым амбасадарам, які ўручыў свае даверчыя граматы спадару Лукашэнку ўчора, быў Ваш калега з Іраку? Ці бачыце Вы тут адмысловы жэст?”

(Козак: ) “Я думаю, Вам трэба спытаць беларускі ўрад наконт жэстаў. Я ня надта скіраваны на чытаньне жэстаў. Я імкнуся глядзець на сутнасьць рэчаў”.

(Сьвірко: ) “Гэта адпавядае Венскай канвэнцыі?”

(Козак: ) “Я ня ведаю. Паводле Венскае канвэнцыі, трэба прымаць амбасадараў у тым парадку, у якім яны прыбылі. Я мяркую, што беларускі ўрад сьледуе гэтаму. Я не сачыў за тым, калі прыбыў ірацкі амбасадар”.

(Цыганкоў: ) “Якія Вашыя першыя ўражаньні ад размовы непасрэдна са спадаром Лукашэнкам? Ці абмяркоўвалі Вы зь ім двухбаковыя і міжнародныя пытаньні?”

(Козак: ) “Я думаю, Вы бачылі з тых заяваў, якія былі зробленыя прэзыдэнтам Лукашэнкам і мною ў часе цырымоніі, што мы абодва казалі пра тыя праблемы, якія існавалі ў двухбаковых стасунках, і насамрэч гэта больш шырокая праблема, якую Беларусь мае са шмат якімі краінамі. Я не зьбіраюся камэнтаваць пэрсаналіі. Гэта ніколі не было пытаньнем асобаў. Гэта пытаньне дэмакратычнага працэсу, свабоды чалавека – з нашага пункту гледжаньня. І я таксама не хацеў бы паглыбляцца ў нашую прыватную размову з прэзыдэнтам. Аднак я б зазначыў, што заўсёды добра мець магчымасьць выкладаць сваю пазыцыю ды погляды наўпрост адно аднаму, чым праз сэрыю фільтраў. Думаю, гэта галоўная рэч, якая датычыць нашай размовы ўчора”.

(Цыганкоў: ) “Спадар амбасадар, Вы распачалі сваю ўчорашнюю размову з наступных словаў: “Спадар прэзыдэнт…” Вы таксама ўручылі Вашыя даверчыя граматы спадару Лукашэнку як кіраўніку дзяржавы. Ці можна зрабіць выснову, што ЗША прызнаюць яго легітымным прэзыдэнтам Беларусі?”

(Козак: ) “Злучаныя Штаты прызнавалі прэзыдэнта Лукашэнку прэзыдэнтам з 1994 году, калі ён быў належным чынам абраны прэзыдэнтам, і мы працягвалі гэта рабіць. Пытаньне мусіць палягаць у наступным. Нават хаця мы ня лічым тыя сродкі, праз якія ягоны тэрмін быў падоўжаны ў 1996 годзе, законнымі, – і я думаю, што гэткую ж пазыцыю можна бачыць з боку амаль усяе міжнароднае супольнасьці, – але сапраўднае пытаньне мусіць быць пра будучыню: ці будзе сёлета прэзыдэнт, якога абяруць належным чынам ды якога будзе прызнаваць міжнародная супольнасьць, як прызнавалі прэзыдэнта Лукашэнку ў 1994 годзе”.

(Сьвірко: ) “Афіцыйны Менск незадаволена адрэагаваў на Вашае інтэрвію газэце “Народная воля” летась. Некаторыя чытачы, сярод якіх было й Міністэрства замежных справаў Беларусі, зрабілі выснову, што Вы заявілі пра нелегітымнасць усіх галін беларускае ўлады…”

(Козак: ) “Мы ня гэта казалі ў той час. Наша пазыцыя зусім не зьмянілася. Тое, што я казаў тады і што працягвае быць нашай пазыцыяй, палягае ў наступным. Што датычыць выбараў, якія праводзіліся ў кастрычніку ў Нацыянальны сход, АБСЭ ды розныя ейныя ворганы, якія адказваюць за назіраньне за выбарамі, зрабілі выснову, што гэтыя выбары не былі вольнымі й справядлівымі. Таму мы былі ня ў стане прызнаць іхныя вынікі вольнымі й справядлівымі, гэтаксама як і рэфэрэндум, што быў праведзены ў 1996 годзе, ня быў прызнаны сапраўдным ня толькі Злучанымі Штатамі, але й шырокім блёкам міжнароднае супольнасьці.
Такім чынам, гэта нашыя ясныя пазыцыі. Яны ніколькі не зьмяніліся. Зноў жа, трэба глядзець у будучыню ды не працягваць размаўляць пра мінулае, і, вядома, не паўтараць мінулых памылак. Як пазьбегнуць такой сытуацыі ў будучыні – вельмі важнае пытаньне”.

(Сьвірко: ) “На тле бягучых дыскусіяў у Вене на паседжаньнях структураў Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ – ці будзе ўрад ЗША працягваць прызнаваць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня адзіным легітымным парлямэнтам Беларусі?”

(Козак: ) “Так”.

(Сьвірко: ) “Кароткі адказ “так?”

(Козак: ) “Так, кароткі адказ – “так”. Злучаныя Штаты працягваюць прызнаваць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Нашае разуменьне, якое вынікае з разгляду справы ў Канстытуцыйным судзе Беларусі, палягае ў наступным. Нават калі тэрмін таго парлямэнту падыйшоў цяпер да канца – пакуль ягонае месца ня зойме парлямэнт, абраны паводле ды ў межах Канстытуцыі, – ён будзе працягваць паседжаньні як легітымны парлямэнт, пакуль яго належным чынам ня зьменіць новы.

Гэткім чынам, кароткі адказ – так, мы працягваем прызнаваць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня”.

Заявіў амбасадар ЗША Майкл Козак у часе эксклюзыўнага інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG