Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ КХП БНФ АДЗНАЧЫЛІ ДЗЕНЬ ДЭПАРТАЦЫІ ЧАЧЭНСКАГА НАРОДУ


Любоў Лунёва, Менск

Яшчэ за 15 хвілін да пачатку пікету супрацоўнікі міліцыі ачапілі тэрыторыю Расейскай амбасады і не пускалі туды ніводнай машыны. Сябры КХП БНФ сталі насупраць будынку амбасады й разгарнулі вялікі чачэнскі сьцяг з жалобнымі стужкамі.

Намесьнік старшыні партыі Сяргей Папкоў і сакратар Валер Буйвал перадалі ахоўнікам пэтыцыю да кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі з патрабаваньнем спыніць вайну ў Чачэніі й расейскую экспансію ў дачыненьні да Беларусі.

Пэтыцыя кажа: "Крэмль ужо каторы год вядзе зьнішчальную каляніяльную вайну супраць вольналюбівага народу Чачэніі, адмаўляючыся вырашыць канфлікт празь мірныя перамовы, як прапануе легітымны ўрад Рэспублікі Ічкерыя. Ужо загінулі й гінуць сотні тысячаў людзей, у тым ліку маладыя расейцы, зь якіх зрабілі забойцаў".

Сярод прысутных можна было бачыць сталых людзей, якія перажылі выгнаньне разам з чачэнцамі. Гаворыць Ніна Самухіна:

(Самухіна: ) "Калі высялялі чачэнцаў, дык усіх працаздольных гналі ведаеце куды — каб працавалі. Дзяцей і старых садзілі ў машыны грузавыя, давалі загад кіроўцу, каб той выскачыў, перш чым кінуць машыну ў прорву. Многія ўжо былі ў лягерох па ўсім Савецкім Саюзе, згадвалі пра гэта.

Я была ў Эвэнкіі ў пасёлку Тура разам з маім мужам на вечным пасяленьні, муж адбыў 17 гадоў. Арыштавалі мужа й павезьлі, а мяне выгналі з працы, з кватэры, нідзе ня бралі на працу. Таму я сама паехала да мужа на вечнае пасяленьне, было 4 гады да сьмерці Сталіна.

Там я сустрэла чачэнцаў і паволскіх немцаў. Яны там вырылі сабе нару, і калі я прыехала зь дзіцём, 1,5 года дзяўчынка, мяне ў тую нару й прынялі".

Ахоўнікі выклікалі міліцыю, перапісалі зьвесткі журналістаў і Валер'я Буйвала:

(Буйвал: ) "І мы чакаем цяпер, пакуль выйдуць прадстаўнікі Расейскай амбасады. Калі ня выйдуць — гэта будзе сьведчыць пра іхнае стаўленьне да грамадзянаў Беларусі".

Сяргей Папкоў дадаў:

(Папкоў: ) "Сёньня такі дзень — жалобны для ўсіх каўкаскіх народаў. Высялілі цэлыя народы".

Як толькі сышлі пікетоўцы, пад'ехала міліцэйская машина. Адтуль выйшаў абураны маёр міліцыі і кінуў у бок журналістаў: "Нармальныя людзі сьвяткуюць Дзень савецкай арміі і п'юць гарэлку, а я праз вас вымушаны езьдзіць па гэтых пікетах!"

У КНГ АБСЭ сябры КХП БНФ перадалі Пэтыцыю да АБСЭ з заклікам спыніць падтрымку Расеі як краіны-агрэсара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG