Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЁР БЫЛЫ СЯБРА СБМ З ДОКШЫЦАЎ ІВАН ФУРСЕВІЧ


Валянціна Аксак, Менск

Ягонае імя доўгі час было вядомае толькі вельмі блізкім сябрам і паплечнікам па Саюзе Беларускае Моладзі. Нават складальнікі выдадзенага залетась "Архівам найноўшае гісторыі" даведніка "Антысавецкія рухі ў Беларусі" ня маюць ніякіх пэўных зьвестак пра гэтага надзвычайнага чалавека.

Іван Фурсевіч нарадзіўся 26 кастрычніка 1927 году ў вёсцы Галавеньчыцы на Стаўпеччыне. Скончыў польскую базавую школу і марыў стаць лекарам. Таму, калі ў вайну ў Баранавічах адчынілася мэдычная школа, ён паехаў туды вучыцца. Там і далучыўся да патрыятычнага руху, стаў сябрам Саюзу Беларускае Моладзі.

У нас ёсьць зьвесткі, што пасьля вайны, калі Іван Фурсевіч працаваў аптэкарам у мястэчку Гародзей, то меў там сувязь з "Саюзам змаганьня за незалежнасьць Беларусі" — гэтая арганізацыя дзейнічала ў Нясьвіскім, Клецкім і Стаўпецкім раёнах.

Але гэта цягнулася нядоўга, бо быў прызваны на тэрміновую службу ў савецкае войска. Служыў у Маскве, там яго й арыштавалі ў 1949-м. Асудзілі на 25 гадоў лягероў, але каля году трымалі ў сумнавядомай Бутырцы. Ейныя насельнікі й вязьні "Берлагу" і "Экібастузу" сталі потым галоўнымі героямі дакумэнтальнае прозы Івана Фурсевіча.

Пісаў Фурсевіч без надзеі. што надрукуюць. Справядліва прадчуваў, што творы ягоныя прынясуць яму ня толькі вядомасьць. Вось што нам распавёў Алесь Аркуш — выдавец часопіса "Калосьсе", які надрукаваў некалькі апавяданьняў Івана Фурсевіча.

(Аркуш: ) "Амаль што ня ведалі пра ягонае жыцьцё ў Докшыцах. Калі "ЛіМ" надрукаваў той ягоны аповед і біяграфію ягоную, а пасьля раённая газэта яшчэ падрыхтавала пра яго публікацыю, дык ён напісаў мне ліст — пачаліся плёткі, бруд розны, казалі "зэк былы" на яго. Нават сам тады перажываў, што надрукаваўся ў "ЛіМе".

Алесь Аркуш згадаў рэакцыю землякоў на першую публікацыю Івана Фурсевіча ў газэце "ЛіМ" залетась. А сёлета на зладжаныя ім сустрэчы зь іншымі беларускімі пісьменьнікамі завуч аднае з докшыцкіх школаў не пусьціла вучняў, заявіўшы, што лепей ім, маўляў, пайсьці ў зьвярынец ды паглядзець на малпаў. Усё гэта ня проста раніла чуйную душу пісьменьніка, а даводзіла часам да бязьвер'я ў посьпех беларушчыны.

У Докшыцах Іван Фурсевіч пасяліўся, як вызваліўся зь лягероў ды спраўдзіў сваю мару стаць лекарам, закончыўшы сяміпалацінскі мэдінстытут. Свайго лекара докшынцы надта любілі. За дзень да сьмерці ён яшчэ хадзіў кансультаваць хворых.

А пісьменьніка докшынцы ў ім не хацелі бачыць. Як, зрэшты, і рэдакцыі дзяржаўных выданьняў. Абсалютная бальшыня напісанага Іванам Фурсевічам існуе ў рукапісах. Адно апавяданьне плянуе надрукаваць у наступным нумары газэта "Наша Ніва" і адно — часопіс "Крыніца".

Астатняя турэмна-лягерная дакумэнтальная проза Івана Фурсевіча чакае свайго выдаўца й свайго чытача. І прызнаньня. Ужо, на жаль, пасьмяротнага.

XS
SM
MD
LG