Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГВАЛТАВАНЬНЕ ЖАНЧЫНАЎ У ЧАСЕ ВАЙНЫ ПРЫРАЎНАНАЕ ДА ВАЕННЫХ ЗЛАЧЫНСТВАЎ


Віталь Тарас, Прага

Між тым, застаюцца ня вывучанымі многія факты гвалтаваньня жанчынаў расейкімі вайскоўцамі ў Чачні. А масавае згвалтаваньне нямецкіх жанчынаў савецкімі салдатамі ў Бэрліне ў 1945-м годзе па-ранейшаму застаецца свайго роду табу ў сучаснай Расеі.

Як піша сёньняшняя Financial Times, адзін з абвінавачаных сэрбаў – Драгалюб Кунарач, асуджаны на 28 гадоў зьняволеньня. Судзьдзя Флёрэнс Мамба палічыла даказаным, што ён гвалтаваў і катаваў жанчынаў таму, што яны былі мусульманкамі.

Другі абвінавачаны – Радамір Ковач, атрымаў 20 гадоў турмы. І яшчэ адзін – Зоран Вукавіч, асуджаны на 12 гадоў за згвалтаваньне 15-гадовай дзяўчынкі. Усе тры названыя асобы былі абвінавачаныя ў тым, што ў часе акупацыі сэрбамі басьнійскага гораду Фока гвалтавалі там жанчынаў і дзяўчынак (у тым ліку 12-гадовых), зьдзекваліся над імі і зьбівалі.

Прэсавы сакратар дзяржаўнага дэпартамэнту Рычард Баўчэр з гэтай нагоды заявіў учора на брыфінгу ў Вашынгтоне:

“Мы вітаем рашэньне Міжнароднага трыбуналу ААН у Гаазе ў справах ваенных злачынстваў у былой Югаславіі, адносна Кунарача, Корача і Вукавіча. Гэта гістарычны прысуд, паводле якога тры былых афіцэры войска Басьнійскіх сэрбаў былі прызнаныя вінаватымі ў парушэньні законаў і традыцыяў вядзеньня вайны, а таксама ў злачынствах супраць чалавечнасьці – актах гвалту і катаваньнях”.

Баўчэр падкрэсьліў таксама, што гэта быў першы выпадак, калі міжнародны трыбунал разглядаў справу аб сэксуальных злачынствах, і ўпершыню згвалтаваньні былі асуджаныя як злачынства супраць чалавечнасьці.

Міжнародная правабарончая арганізацыя Human Rights Watch таксама вітала прысуд Гаагскага трыбуналу. Гэтая арганізацыя яшчэ ў 1998 падрыхтавала падрабязную справаздачу аб згвалтаваньнях у басьнійскім горадзе Фока. Некаторыя падазраваныя ў згвалтаваньнях ўсё яшчэ застаюцца на волі.

Але асаблівую занепакоенасьць праваабаронцаў выклікае тое, што на волі дагэтуль застаюцца лідэры басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч і Радка Младзіч. Абодва абвіначваюцца ў шматлікіх ваенных злачынствах, якія рабіліся паводле іхных загадаў у Босьні.

У свой час Нuman Rights Watch падрыхтавала некалькі дакладаў аб парушэньнях правоў чалавека з боку расейскіх вайскоўцаў у часе чачэнскай вайны. У прыватнасьці, прыводзіліся факты гвалтаваньня і зьдзеку над жанчынамі ў лягеры для чачэнскіх уцекачоў.

У Расеі ўсё яшчэ ня вынесены прысуд у справе палкоўніка Буданава, абвіначанага ў забойстве чачэнскай дзяўчыны. Салдаты, якія зьдзекваліся над целам забітай, вызваленыя ад крымінальнай адказнасьці паводле амністыі.

Можна сказаць, што гвалтаваньне для расейскага войска ёсьць ганебнай традыцыяй. Як сьцьвярджае ваенны гісторык Карнэліюс Райан, павальнае гвалтаваньне ў Бэрліне ў 1945-м распачалося з прыходам туды савецкіх войскаў і працягвалася без перапынку цэлы месяц. Пры гэтым ахвярамі станавіліся жанчыны ўсіх узростаў, многія зь іх гвалтаваліся зноў і зноў – зьдзек мог працягвацца тыднямі. Экспэрты ацэньваюць агульную колькасьць ахвяраў ад 20 да 100 тысячаў. Толькі ў адным раёне Бэрліну Панкаў было зарэгістравана 215 выпадкаў самагубства згвалтаваных жанчынаў. Гэтыя зьвесткі прыводзяцца ў матэрыялах Інстытуту сучасных міждысцыплінарных дасьледаваньняў у Хьюстане.

Як вядома, пасьля перамогі над фашысцкай Нямеччынай Савецкі Саюз выступіў адным з арганізатараў Нюрнбэргскага працэсу, дзе і было сфармуляванае само паняцьце “злачынства супраць чалавечнасьці”. Гаворыць гісторык Мікола Іваноў.

(Іваноў: ) “Матэрыялы Нюрнбэргскага працэсу, на якім разглядаліся злачынствы фашысцкай Нямеччыны падчас Другой усясьветнай вайны, на дзіва, маюць даволі мала сьведчаньняў пра сэксуальныя злачынствы нямецкага вэрмахту, паліцыі і СС. Хаця, зразумела, такія злачынствы мелі месца.

Справа ў тым, што нацыская партыя і гестапа пільна сачылі за чысьцінёй арыйскай крыві і разглядалі кожны сэксуальны стасунак (у тым ліку гвалтаваньне) з прадстаўнікамі “ніжэйшых расаў” – гэбраямі, славянамі і іншымі за нязгодны з кодэксам гонару нямецкага жаўнера. У нямецкіх архівах сёньня ёсьць даволі шмат прыкладаў судовых справаў, калі нямецкія вайскоўцы паніжаліся ў званьні, накіроўваліся ў карныя часткі і нават за краты за сэксуальныя адносіны з прадстаўнікамі так званых ніжэйшых расаў”.

Варта дадаць, што ніякія злачынствы нацыстаў супраць чалавечнасьці самі па сабе ня могуць быць апраўданьнем гвалту – тым больш з боку вайскоўцаў, якія перамаглі ў вайне. Пра гэта варта было б лішні раз нагадаць у дзень, які адзначаўся раней як Дзень Савецкай арміі, ды сёньня па-ранейшаму сьвяткуецца ў незалежнай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG