Лінкі ўнівэрсальнага доступу

LIDOVE NOVINY: ІОСІФ ВІСАРЫЁНАВІЧ ЛУКАШЭНКА…


Скарочаны пераклад падрыхтаваў Віталь Тарас, Прага

Вандраваньне па лукашэнкавай “краіне дэкрэтаў” поўнае прыгодаў. Газэта ілюструе гэтае сьцьверджаньне прыкладам аднаго расейкага прадпрымальніка. Беларускія вартавыя парадку спынілі яго на першым жа кантрольным пункце пры ўзезьдзе ў Беларусь. Ён павінен быў паказаць сваю аўтааптэчку, дзе, згодна з адным з прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, мусяць быць… чатыры прэзэрватывы. Паколькі іх не было, прадпрымальнік заплаціў 1700 рублёў штрафу (каля 40 даляраў). Плюс грошы за тое, каб адразу ж набыць гэтыя прадметы гігіены ў міліцыянта, які ахвотна прапанаваў тавар расейскаму госьцю.

Падобныя праблемы ён меў яшчэ на васьмі кантрольных пунктах.

Да прыходу да ўлады прэзыдэнта Пуціна, працягвае газэта, галоўнай мэтай Лукашэнкі было стварэньне беларуска-расейскага дзяржаўнага гібрыду, на чале якога мусіў быць ён сам.

Тыповае для беларускага кіраўніка тое, што ў выпадку няўдачы ён робіць некалькі тактычных крокаў назад, каб потым вярнуць страчанае зь лішкам. Калі Лукашэнка зразумеў, што ў Крэмль яго ня пусьцяць, ён стаў марыць пра славянскую дзяржаву ад Масквы да Бялграду. Летась ён прапанаваў тагачаснаму югаслаўскаму дыктатару Мілошавічу далучыцца да саюзу Беларусі й Расеі, і парлямэнт Югаславіі тую прапанову ўхваліў.

Тое, што Лукашэнка адчуваў сваю блізкасьць зь югаслаўскім дыктатарам, газэта тлумачыць ягоным захапленьнем усім, што ён лічыць праявай моцы. Lidove noviny шукаюць крыніцы гэтага захапленьня ў ягонай біяграфіі. Героямі дзяцінства Лукашэнкі былі вясковыя драчуны, якія, напіўшыся гарэлкі, лупцавалі кожнага, хто трапіць пад руку. Пазьней, узначаліўшы саўгас, ён паказаў сваю перавагу над іншымі, пабіўшы двух трактарыстаў.

Ня ўсе ў цяперашняй Беларусі скарыліся волі Лукашэнкі. Адразу пасьля падзеньня рэжыму Мілошавіча тысячы дэманстрантаў выйшлі на вуліцы пад лёзунгам “Сёньня Мілошавіч, заўтра – Лукашэнка!” Узурпатар рэагаваў па-свойму. Ён заявіў, што ня будзе вагацца падобна Мілошавічу, які дапусьціў, каб ва ўладзе ўзьнік разброд.

Цяпер зьнешнія зацікаўленьні Лукашэнкі ськіраваныя ў бок Кубы на чале з Кастра, Лівіі на чале з Кадафі, і ў бок КНР.

Унутраная палітыка Лукашэнкі пабудаваная на спалучэньні рэпрэсіяў і прамываньня мазгоў. Нядаўна ён правёў сваю ўлюбёную ратацыю кадраў, ператасаваўшы генэралаў МУС, КГБ і ўласнай службы бясьпекі. Адначасова ён вылучыў спэцслужбам некалькі мільярдаў рублёў зь дзяржаўнага бюджэту.

Плянам дыктатара адпавядае стварэньне вертыкальнай сыстэмы дзяржаўнай прапаганды. Студэнты і чыноўнікі мусяць раз на месяц вывучаць на калектыўных занятках думкі Лукашэнкі. Адзін з галоўных лукашэнкавых дагматаў гучыць так: “Забудзьцеся на палітыку. Адзіным палітыкам у краіне ёсьць прэзыдэнт”.

Паколькі трэба нешта прапанаваць людзям і для душы, прэзыдэнт заявіў, што ён цэніць “работнікаў культуры” ды ўшанаваў іх дзяржаўнымі прэміямі. Сярод ляўрэатаў апынуўся пераможца міжнароднага конкурсу цырульнікаў. Як чалавек, які клапатліва ўкладае некалькі валасоў на сваёй лысіне, ён быў проста ўражаны цырульным майстэрствам.

Але найвышэй з усіх відаў майстэрства Лукашэнка цэніць спартовыя здольнасьці. Сваё спартовае ўмельства, якое ён ўдасканальвае на трэніроўках з нацыянальнай хакейнай зборнай, Лукашэнка прадэманстраваў нядаўна ў Маскве ў матчы са зборнай расейскіх ветэранаў хакею і тамтэйшых палітыкаў.

Як “адзіны сапраўдны беларускі палітык” Лукашэнка ня супраць, каб яго зноў абралі на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. Магчыма, да яго дайшлі весткі, што прынамсі два зь ягоных магчымых апанэнтаў пачалі падазрона часта езьдзіць у Маскву, а трэці п’е піва зь ягонымі генэраламі. Але Лукашэнку нічога ня страшыць. Калі яму робіцца сапраўды цяжка – ён ідзе паглядзець на сьмяротнае пакараньне. “Люблю, калі мяне просяць аб літасьці,” – кажа ён у сваім атачэньні. Але ніводзін з асуджаных яе не дачакаўся.

Гэтымі словамі завяршаецца палітычны памфлет у чэскай газэце Lidove noviny.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG