Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ МУРМАНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ РАСЕІ ХОЧУЦЬ ВЯРНУЦЦА НА РАДЗІМУ


Міхал Стэльмак, Менск

Беларусы Мурманскай вобласьці напярэдадні прыезду зь Менску высокага начальства спрабавалі чарговы раз зьвярнуць увагу на праблему перасяленьня на гістарычную радзіму. Вось што паведаміў нашаму радыё кіраўнік суполкі беларусаў у гэтым расейскім рэгіёне Станіслаў Дашчынскі:

(Дашчынскі: ) "Нас у Мурманскай вобласьці 38 000 беларусаў. Пытаньне перасяленьня туды, дзе мы нарадзіліся, для многіх вельмі надзённае. Найперш для тых, хто мае пэнсійны ці перадпэнсійны ўзрост.

Тут вельмі цяжкія кліматычныя й пабытовыя ўмовы. Ніхто з нас ня мае тут, як на бацькаўшчыне, прысядзібных участкаў ды агародаў. Людзі ў Мурманскай вобласьці жывуць толькі на заробкі ці пэнсію. Вось чаму вельмі многія хочуць пераехаць", — паведаміў мне Станіслаў Дашчынскі, ураджэнец Круглянскага раёну.

Паводле ягоных словаў, зараз беларусы вяртаюцца на радзіму толькі прыватным чынам — няма перасяленьня арганізаванага. Калі кіраўнікі Расеі й Беларусі абвясьцілі пра інтэграцыю, ва многіх зь іх узьніклі спадзяваньні на перамены. Але, як высьвятляецца, гэта было ілюзіяй.

Вось што паведаміў мне сёньня па тэлефоне прадстаўнік адміністрацыі Мурманскай вобласьці Анатоль Афонін:

(Афонін: ) "У Беларусь мы не перасяляем, а толькі ў раёны Расейскай Фэдэрацыі. Бо на перасяленьне патрэбныя грошы, якія павінна даць Беларусь.

Да нас насамрэч вельмі шмат беларусаў зьвяртаецца наконт перасяленьня, але мы гаворым, што на сёньняшні дзень Беларусь і Расея яшчэ цалкам не зьядналіся, таму дапамагчы ня можам.

Некаторыя беларусы самі спрабуюць даць сабе рады, яны перасяляюцца бліжэй да радзімы — у Ноўгарадзкую й Пскоўскую вобласьці”, — паведаміў спадар Афонін.

Між тым, на думку беларусаў Мурманскай вобласьці, для іхнага перасяленьня ў Беларусь ужо зараз ёсьць неабходная заканадаўчая база.

У сьнежні 1998 году Аляксандар Лукашэнка й Барыс Ельцын падпісалі Дамову аб роўных правох грамадзянаў Беларусі й Расеі. У ёй сьцьвярджаецца, што беларусы й расейцы на тэрыторыі Саюзу маюць усе магчымасьці для вольнай міграцыі з захаваньнем працоўных правоў.

Але насамрэч гэтая дамова, як паведаміў мне супрацоўнік прадстаўніцтва Мурманскай вобласьці ў Менску Альберт Аляксандраў, ня дзейнічае:

(Аляксандраў: ) "Пытаньне дзяржаўных гарантыяў асобам, што перасяляюцца на сталае жыхарства ў Беларусь, застаецца адкрытым. Здавалася б, усё роўна, куды перасяляецца чалавек — у Пскоўскую ці, скажам, Віцебскую вобласьць. Яны ж побач.

А на практыцы — вялікая розьніца ў ільготах. Пры перасяленьні ў Беларусь, напрыклад, не захоўваецца паўночны стаж. Гэта ж тычыцца й захаваньня памераў пэнсіяў, якія беларусы атрымліваюць у Мурманскай вобласьці. Гэта сведчыць пра тое, што пагадненьне зусім не выконвае беларускі бок", — мяркуе спадар Аляксандраў.
XS
SM
MD
LG