Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО РАБІЦЬ, КАЛІ ВАС ЗЬБІВАЕ МІЛІЦЫЯ?


Ганна Соусь, Менск

У сувязі з выпадкам зьбіцьця міліцыянтамі Максіма Хандогі я зьвярнулася па камэнтар да выканаўчага дырэктара Беларускага Гельсынскага камітэту юрыста Алега Гулака.

Нягледзячы на тое, што зьбіцьцё міліцыянтамі простых грамадзянаў ёсьць даволі распаўсюджанай зьявай у Беларусі, дакладнай статыстыкі пра гэта няма, гаворыць Алег Гулак.

(Гулак: ) "На жаль, зьбіцьцё грамадзянаў у пастарунках міліцыянтамі — зьява даволі распаўсюджаная, і, на жаль, грамадзтвам упрымаецца як нешта нармальнае. Менавіта спакойнае стаўленьне да гэтага — самае жахлівае".

Паводле Алега Гулака, гэткая сытуацыя існуе таму, што практычна невядомыя выпадкі, каб супрацоўнікі міліцыі ды іншыя прадстаўнікі ўлады несьлі крымінальную ці іншую адказнасьць за парушэньне правоў грамадзянаў альбо парушэньне заканадаўства.

(Гулак: ) "Ёсьць выпадкі, калі супрацоўнікаў выганяюць з працы ці караюць неяк, але гэта робіцца ціха, каб ніхто ня чуў, бо існуе няслушнае разуменьне чысьціні мундзіру.

Учора мы адправілі запыт у Міністэрства ўнутраных справаў і ў Генэральную пракуратуру пра тое, хто парушыў правы грамадзянаў летась 25 сакавіка і ці прыцягнутыя яны да адказнасьці.

На 25 сакавіка двох грамадзянаў, Проніна й Міронава, зьбілі, завялі ў пастарунак вайсковай часткі. Пасьля яны зьвярнуліся ў суд, і ў грамадзянскім працэсе з нашым прадстаўніком яны дамагліся таго, што Міністэрства ўнутраных справаў выплаціла кампэнсацыю кожнаму зь іх па 50 000 рублёў.

Мы зьвярнуліся да гэтых упаўнаважаных органаў, каб паведамілі нам, хто за гэта панес адказнасьць. Мы паспрабуем зрабіць так, каб гэтая інфармацыя была галосная, каб людзі ведалі сваіх "герояў".

Што ж рабіць, калі трапляеш у сытуацыю, у якой апынуўся цяпер Максім Хандога? Паводле Алега Гулака, найперш трэба мець жаданьне ды волю да адстойваньня сваіх правоў.

(Гулак: ) "Канечне, найлепш зьвярнуцца да спэцыялістаў, да праваабарончых арганізацыяў, якія дапамогуць. Што галоўнае?

Трэба зьвярнуцца ў пракуратуру і запатрабаваць, каб пракуратура дала накіраваньне ў мэдычныя ўстановы, якія зафіксуюць парушэньні здароўя. Потым трэба даказваць, як гэтыя страты здароўя зьявіліся — мо нехта бачыў чалавека да таго моманту, як яго забралі. Судмэдэкспэртыза засьведчыць, калі ўзьніклі пашкоджаньні.

Усё трэба зафіксаваць, параіцца з спэцыялістамі, запісаць. Мы маем пракуратуру, якая ня хоча гэтым займацца, але павінна, то трэба яе прымусіць. І маем суд, які ў грамадзянскім парадку будзе гэтыя справы разглядаць", — паведаміў выканаўчы дырэктар Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак.
XS
SM
MD
LG