Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ ЗНОЎ ЗГАДВАЛАСЯ СЁНЬНЯ НА ПАСЕДЖАНЬНІ СТАЛАГА КАМІТЭТУ ПА АБСЭ


Вольга Караткевіч, Вена

Асноўныя палітычныя працэсы ў Беларусі акрэсьліў Герт Вайскірхэн, сябра адмысловай рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі. Выступ быў вельмі кроткі. Спадар Вайскірхэн адзначыў, што працэс дэмакратызацыі ў Беларусі ідзе вельмі марудна, і галоўнае – гэта ў якіх умовах пройдуць выбары прэзыдэнта. Спадар Вайскірхэн асабліва адзначыў, што беларуская апазыцыя мусіць аб’яднацца, мабілізавацца для таго, каб мець на выбарах адзінага кандыдата. Пытаньняў да прамоўцы не было.

Адметным можна назваць выступ старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы лёрда Рассэла Джонстана. Варта сказаць, што прадстаўляючы спадара Джонстана, кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын назваў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы (цытую) “братняй арганізацыяй”, а яе кіраўніка “пэрсанальным настаўнікам”. Спадар Севярын адзначыў, Парлямэнцкім асамблеям АБСЭ і Рады Эўропы ўдалося вырашыць важныя палітычныя праблемы і згадаў пра ўзгодненасьць пазыцыяў у беларускім пытаньні. Адрыян Севярын адзначыў, што абедзьве асамблеі не зьяўляюцца канкурэнтамі, але партнэрамі.

Лёрд Рассэл Джонстан быў больш спакойны ў ацэнках і пачаў з таго, што дыялёг неабходны, бо наперадзе – важныя падзеі: выбары ў такіх краінах, як Малдова, Альбанія, Чарнагорыя і Беларусь. Прыярытэтным у супрацоўніцтве лёрд Рассэл Джонстан назваў назіраньне за выбарамі.
Моцным акцэнтам у прамове Джонстана стала тэма супрацоўніцтва зь міжнародным трыбуналам у Гаазе. Старшыня ПА Рады Эўропы выказаў неўразуменьне з прычыны таго, што нельга затрымаць Караджыча і Младзіча. Зьвяртаючыся да югаслаўскай дэлегацыі ён канкрэтна заявіў, што пытаньне паўнацэннай інтэграцыі Югаславіі ў Эўропу залежыць ад разуменьня важнасьці таго, што робіць Гааскі трыбунал.

Гэтую пазыцыю Рассэла Джонстана актыўна падтрымала амэрыканская дэлегацыя ў АБСЭ. Спадар Джонстан патлумачыў рашэньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аднавіць права голасу расейскай дэлегацыі, прыпыненае з прычыны парушэньняў правоў чалавека ў Чачні. Ён падкрэсьліў, што асамблея (цытую) “улічыла зьмену пазыцыяў некаторых сябраў расейскай дэлегацыі” і дадаў, што гаварыць пра справядлівасьць і правасудзьдзе ў Чачні не выпадае. Лёрд Джонстан сказаў, што будзе падрыхтаваны спэцыяльны даклад пра тое, як ідзе расьсьледаваньне злачынстваў супраць цывільнага насельніцтва ў Чачні.

Абедзьве беларускія дэлегацыі цягам дня працягвалі кансультацыі з парлямэнтарамі іншых краінаў. Дэлегацыя Вярхоўнага Савету Белаурсі твяла перамовы з прадстаўнікамі Швэцыі і Нямеччыны.

Як паведаміў Радыё Свабода амбасадар Беларусі ў АБСЭ Віктар Гайсёнак, дэлегацыя “палаты прадстаўнікоў” сустракалася з парлямэнтарамі Расеі, Францыі, Італіі, Вугоршчыны, Армэніі. Тэма сустрэчаў – прызнаньне “палаты прадстаўнікоў”.

Калі гаварыць пра пэрспэктывы прадстаўніцтва Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, дык удзельнікі Сталага камітэту абмяркоўваюць два варыянты. Калі пытаньне будзе вынесенае на летнюю сэсію ПА АБСЭ, якая адбудзецца ў Парыжы ад 6 да 10 ліпеня сёлета, бальшынёй галасоў будзе падтрыманы Вярхоўны Савет Беларусі. Камэнтуючы такое магчымае разьвязаньне ў інтэрвію Радыё Свабода старшыня ПА АБСЭ Адрыян Севярын адказаў так: “На гіпатэтычнае пытаньне ня буду даваць гіпатэтычнага адказу. Калі рашэньне гэтага паседжаньня Сталага камітэту, на якім адхіленая рэкамэндацыя Мандатнай камісіі, выглядае ня як рашэньне, дык я Вам скажу – гэта рашэньне”. Такім чынам, паводле кіраўніка ПА АБСЭ, месца Беларусі ў гэтай арганізацыі пустое.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG