Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЗОЎ КХП БНФ ДА МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ АДХІЛЕНЫ


Ігар Карней, Менск

Выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі на гэта заявіў, што мае намер абскардзіць рашэньне ў найвышэйшай інстанцыі — Вярхоўным судзе.

Адрозна ад кіраўніцтва Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якое яшчэ спадзявалася на станоўчы для партыі вынік справы, у грамадзкім аб’яднаньні БНФ “Адраджэньне” іншых варыянтаў не чакалі.

Сакратар управы БНФ Юрась Пальчэўскі канстатаваў, што два дні тэхнічнага перапынку судзьдзям спатрэбіліся выключна для падрыхтоўкі адпаведных дакумэнтаў. А само рашэньне наконт законнасьці дзеяньняў Міністэрства юстыцыі, маўляў, канчаткова прынятае яшчэ 21 лютага. Гаворыць Юрась Пальчэўскі.

(Пальчэўскі: ) "Зараз у пісьмовым выглядзе рашэньне будзе выдана ўсім — з абгрунтаваньнем, чаму менавіта такое рашэньне прынялі".

Юрыст БНФ “Адраджэньне” Ўладзімер Лабковіч, які цягам працэсу прадстаўляў у судзе інтарэсы грамадзкага аб’яднаньня, таксама задаволены.

(Лабковіч: ) "Мы цалкам задаволеныя рашэньнем суда, суд прыслухаўся да нашай думкі, і нас гэта, вядома, задавальняе".

Зусім іншы настрой у лідэраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Юрась Беленькі па-ранейшаму ўпэўнены, што “судзьдзі гаспадарчага суду, прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі й трэцяга боку (г.зн. БНФ “Адраджэньне”) дзейнічалі адзінай камандай”. А таму нічога не застаецца, як працягваць дамагацца пазбаўленьня руху, на чале якога Вінцук Вячорка, назвы БНФ “Адраджэньне”. Вось рэакцыя на пастанову суду Юрася Беленькага.

(Карэспандэнт: ) "Трэці бок кажа, што рашэньне прынялі на іхную карысьць . Ці будзеце вы неяк працягваць барацьбу?"

(Беленькі: ) "Разумееце, забараніць назву можа ў адпаведнасьці з заканадаўствам толькі Вярхоўны суд. Выкрэсьліць з рэестру Мінюст ня можа, гэта найгрубейшае парушэньне.

Безумоўна, мы будзем апэляваць. Падумайце самі — назва мае гістарычны сэнс, і раптам нехта забараняе гэтую назву. Тую групу людзей (трэці бок) проста выкарысталі для гэтага. Усё белымі ніткамі шыта.

Ім выдалі дакумэнт нават да таго, як аб'ява ў газэце зьявілася. І самае галоўнае, што Мінюст ня мог выкрэсьліваць з рэестру да часу, пакуль суд рашэньня не прыняў. Крыўдна, што людзі, якія былі ў Фронце, паддаліся на гэта", — гаварыў Юрась Беленькі.

Сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд не знайшоў прычынаў, каб пазбавіць БНФ “Адраджэньне” ягонай назвы на падставе скаргі кіраўніцтва Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG