Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ГЕНЭРАЛ ПАЛОХАЕ НАПАДАМ НАТА НА БЕЛАРУСЬ


Юры Дракахруст, Прага

Падобныя выкрывальнікі злавесных плянаў натаўскай інтэрвэнцыі супраць Беларусі – ня рэдкасьць ні ў Беларусі, ні ў Расеі. Беларускае тэлебачаньне палохае народ падобнымі страшылкамі ці ня кожны дзень. У свой час дэпутат Дзярждумы Расеі Віктар Ілюхін распавядаў пра пляны натаўскай інтэрвэнцыі ў Беларусь не радзей як раз у паўгода.

Выкрывальнікі нават не абцяжарваюць сябе неабходнасьцю прыдумляць штосьці новае. “Мы мусім цьвёрда тлумачыць, што НАТА – гэта монстар, які пагражае ўсім,” – заявіў учора на сваёй прэсавай канфэрэнцыі генэрал Івашоў. Тут ён выступіў яўным эпігонам Аляксандра Лукашэнкі, які яшчэ ў 1996 годзе распавядаў, як монстар НАТА падпаўзае да межаў сінявокай Беларусі.

Усё гэта было б нават сьмешным, калі б не было такім небясьпечным.
З абвінавачаньнямі на адрас НАТА ў падрыхтоўцы ваеннай апэрацыі супраць Беларусі ўпершыню выступіў ня нейкі публіцыст, памешаны на ідэі ўсясьветнай змовы, не дэпутат, які можа вярзьці што заўгодна, нават не звычайны чыноўнік, а чалавек у пагонах, далёка не апошні прадстаўнік абаронага ведамства. Пасада Леаніда Івашова – загадчык упраўленьня міжнароднага супрацоўніцтва міністэрства абароны Расеі.
Уяўленьне пра міжнароднае супрацоўніцтва ў расейскіх вайскоўцаў, як бачым, даволі своеасаблівае.

У тым, што падобныя шчыраваньні прагучалі з вуснаў менавата генэрала Івашова, няма нічога нечаканага: ён – улюбёны аўтар і герой адыёзнай шавіністычнай газэты “Заўтра”, у 1999 годзе, калі прадстаўнік прэзыдэнта Расеі Віктор Чарнамырдзін веў перамовы з прэзыдэнтам Югаславіі Мілошавічам, каб знайсьці мірны шлях вырашэньня балканскага канфлікту, Івашоў публічна абвінавачваў Чарнамырдзіна ледзьве ня ў здрадзе.

Зразумела, грамадзянін РФ Івашоў можа прытрымлівацца любых меркаваньняў, у тым ліку і самых радыкальных. Але ці можа высокапастаўлены чыноўнік, прадстаўнік дзяржавы, выказваць асабістыя меркаваньні, асабліва наконт праблемаў, вырашэньне якіх уваходзіць у сфэру яго прамых службовых абавязкаў?

Самая горшая сытуацыя, калі адказ на гэтае пытаньне станоўчы. Памочнік прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Кандаліза Райс нядаўна трапна адзначыла, што слабасьць Расеі прадстаўляе ня меншую небясьпеку, чым яе сіла. Калі не палітычная ўлада, а чалавек са стрэльбай самастойна вызначае, на каго накіроўваць стрэльбу – гэта сапраўды нясе надзвычайную пагрозу міжнароднай бясьпецы.

Але хутчэй за ўсё шчыраваньні генэрала Івашова сталі проста адлюстраваньнем раздражненьня Масквы вынікамі візыту ў расейскую сталіцу генэральнага сакратара НАТА Робэртсана. Расейскія ўлады ня здолелі спыніць ні пашырэньне альянсу, ні амэрыканскую праграму супрацьракетнай абароны, ні пасварыць эўрапейскіх сябраў НАТА з ЗША. За па-салдацку просталінейнымі абвінавачаньнямі генэрала Івашова, магчыма, хаваюцца контуры аднаго з адказаў Крамля на тое, што ён разглядае як выклік Захаду. Калі, паводле словаў Івашова, НАТА пагражае Беларусі ваенным уварваньнем, яе, зразумела, трэба “абараняць”, трэба як мага шчыльней прышпіліць да расейскай ваеннай машыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG