Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯ ЎСЕ ПРАФСАЮЗНЫЯ ЛІДЭРЫ ХОЧУЦЬ КАНФРАНТАЦЫІ З УЛАДАМІ


Міхал Стэльмак, Менск

На сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі ўпершыню публічна заявілі пра сябе апанэнты Ўладзімера Ганчарыка. Яны падрыхтавалі дакумэнт, у якім дзеяньні Фэдэрацыі ў справе арганізацыі й правядзеньня мітынгу 14 лютага былі названыя памылковымі.

Дакумэнт таксама крытыкуе аўтарытарны, на думку ягоных аўтараў, стыль кіраваньня Фэдэрацыяй з боку Ўладзімера Ганчарыка й ягонага найбліжэйшага атачэньня.

Спроба старшыні Фэдэрацыі высьветліць колькасьць апанэнтаў, якія раяць цесна супрацоўнічаць з уладамі, не ўдалася. Публічна назваў сябе падпісантам згаданага дакумэнта толькі адзін сябар прэзыдыюму — старшыня галіновага прафсаюзу працаўнікоў жыльлёва-камунальнага сэктару Мікалай Сушчэня.

Аднак жа, паводле прафсаюзных зьвестак, колькасьць ягоных аднадумцаў у кіраўніцтве Фэдэрацыі значна большая. Гэтыя асобы апошнім часам сталіся частымі наведнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі й падпарадкаваных ёй структураў. На паседжаньні прэзыдыюму казалі, што якраз у гэтых структурах зараз гуртуюць сілы, зь якімі ўлады зьвязваюць надзею раскалоць беларускія прафсаюзы.

Пра небясьпеку дзеяньняў прадстаўнікоў так званай “пятай калёны” ў прафсаюзным руху гаварыў сёньня сябар Фэдэрацыі, лідэр Менскага абласнога прафсаюзу працаўнікоў хімічнай, нафтавай і горнай прамысловасьці Кузьма Кашэўскі.

(Кашэўскі: ) "Акцыя была своечасовай і мэтавай, у гэтым сэнсе яе ня варта ставіць пад сумнеў. Але шэраг кіраўнікоў заняў нейкую вельмі дзіўную пазыцыю. Выступоўцы, што гаварылі сёньня пра еднасьць, — людзі, якія прапагандуюць еднасьць у цёпленькім кабінэце, ва ўтульнай залі.

Гэта вельмі добры ўрок і Ўладзімеру Іванавічу. Даўно ўжо надышоў час трэсьці прафсаюзную грушу: тое, што не трымаецца на дрэве, хай зваліцца на зямлю, а тое, што застанецца, — каб квітнела".

(Карэспандэнт: ) "Як можна нэўтралізаваць дзейнасьць прафсаюзных лідэраў, якія здраджваюць інтарэсам працоўных?"

(Кашэўскі: ) "Актыўнай працай прафсаюзных структур, галіновых прафсаюзаў, якія прапагандуюць актыўныя сумесныя дзеяньні дзеля абароны нашых членаў прафсаюзу.

Разам з тым, аппарат Фэдэрацыі, прэзыдыюм, другія выканаўчыя й распарадчыя органы галіновых прафсаюзаў мусяць падысьці да гэтых справаў прынцыпова. Калі б быў арганізаваны запіс і прагляд выступаў у прэзыдыюме, дык першасныя арганізацыі далі б пасьля прынцыповую й своечасовую ацэнку гэтым зьявам".

Большасьць сяброў прэзыдыюму Фэдэрацыі ўхваліла дзеяньні кіраўніцтва, скіраваныя на актыўны пратэст супраць цяперашняга сацыяльна-эканамічнага курсу ўладаў.

На працягу месяца прафсаюзныя лідэры мусяць азнаёміць працоўных Беларусі з пазыцыяй Фэдэрацыі. Сёньня таксама вырашана, што напярэдадні маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў прафсаюзы агучаць сваю сацыяльна-эканамічную плятформу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG