Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШВЭДЫ НЯ МОГУЦЬ ДАЦЬ ВЕРЫ, ШТО Ў БЕЛАРУСІ АД ГОЛАДУ ПАДЫХАЮЦЬ ТЫСЯЧЫ СЬВІНЕЙ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Пра катастрафічную сытуацыю на сьвінакомплексе “Паўднёвы” радыё СВАБОДА паведамляла яшчэ на пачатку лета мінулага году. Тады праз недахоп кармоў там штодня памірала каля 10 сьвіней. А восеньню трактар вывозіў з фэрмы штодня ўжо каля паўтысячы памерлых жывёлаў.

Я цытую артыкул са швэдзкай газэты Dagens Nuheter. Гаворыць адна з супрацоўніцаў сьвінакомплексу, якая адмовілася называць сваё імя:

“Сьвіньні літаральна крычалі ад голаду. Цяжка было прыходзіць на працу – яны падскоквалі ў паветра, адчайна намагаючыся атрымаць ежу. Некаторы час мы знаходзілі выйсьце ў тым, што сьвіныя тушы варылі ды аддавалі на ежу яшчэ жывым жывёлам. Але на Каляды скончыўся бэнзын, а зь ім і спробы хоць неяк захаваць пагалоў’е”.

Варта адзначыць, што людзі з навакольных вёсак, дзе было добра чуваць галодны енк, прасілі аддаць ім хоць частку сьвіней, але атрымалі адмову. У выніку, калі на пачатку году на “Паўднёвым” было каля 30 тысячаў сьвіней, цяпер засталося ня больш за 6 тысячаў. Памерлых сьвіней кідалі ў ямы зусім недалёка ад комплексу каля кукурузнага поля, не заўсёды нават пасыпаючы зямлёй.

Далей Марыя Сёдэрбэрг піша, я цытую:

«Адзін мужчына, які таксама адмовіўся называць сваё імя, паведаміў, што бачыў, як летам каля дзясятка чалавек, сярод якіх былі і жанчыны, разьмясьціліся ў лесе каля поля з пахаванымі жывёламі. Яны бралі мяса зь ямаў ды прадавалі ў два разы таньней у першую чаргу жыхарам Пінску, якія нічога не падазравалі».

Я запытаўся ў аўтаркі артыкулу, што найбольш уразіла яе ў гэтай гісторыі . Гаворыць Марыя Сёдэрбэрг:

(Сёдэрбэрг: ) «Найбольш мяне шакавала тое, што стаіць па-за афіцыйнай статыстыкай, якую я ўбачыла, прыехаўшы ў Пінск. Афіцыйна было павядомлена, што памерла больш за 30 тысячаў сьвіней. І я пыталаяся ва ўсіх: «Як і дзе гэта магчыма?» Дзіўна, што большасьць пра гэтае нават ня ведалі, а потым аказалася, што сьвінакомплекс зусім блізка каля Пінску!»

(Карэспандэнт: ) «Скажыце, а якая на сёньняшні дзень рэакцыя ў Швэцыі на Ваш артыкул?»

(Сёдэрбэрг: ) «Я атрымала шмат водгукаў – людзі тэлефануюць, дасылаюць і-мэйлы, у якіх кажуць, што ня могуць паверыць, што такое магло здарыцца. Сярод іншых я атрымала водгук ад нашага міністэрства сельскай гаспадаркі – там хутка зьбіраюцца абмеркаваць гэтую інфармацыю. У нас нават немагчыма ўявіць, каб сьвіньні памерлі ад голаду на фэрме, дзе іх мусяць карміць і гадаваць. Цяжка ўявіць таксама тое, што людзі маглі адразаць іхнае мяса і прадаваць на кірмашы. Мушу адзначыць, што вяскоўцы, якія паказалі мне гэта – сапраўдныя героі, і я спадзяюся, што ім раскажуць наколькі важнай ёсьць гэтая інфармацыя дзеля Беларусі і замежжа».

Сказала аўтарка артыкулу Марыя Сёдэрбэрг.

А тым часам, на «Паўдневы» прыяжджалі і працягваюць прыяжджаюць шматлікія камісіі з Пінску, Берасьця, Менску. Зьмяніўся дырэктар, але падзеж працягваеца. Да таго ж тутэйшыя сьцьвярджаюць, што працягвае зьнікаць і мяса з ямаў, дзе хаваюць здохлых жывёлаў.
XS
SM
MD
LG