Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ ВЫСЯЛІЛІ З ПАМЯШКАНЬНЯ НЕДЗЯРЖАЎНУЮ ГАЗЭТУ “ДЭ ФАКТА”


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Фактычна супрацоўнікаў газэты высялілі на вуліцу. Дырэктар гатэлю "Днепр", у якім "Дэ факта" да гэтага часу арэндавала памяшканьне, папярэдзіў заснавальнікаў, што скасоўвае арэндную дамову. Прычынаў такога рашэньня ён не назваў.

Гатэль падпарадкоўваецца ўпраўленьню жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, якое зьяўляецца структурай гарвыканкаму. "Дэ факта" і раней не карысталася даверам гарадзкога чынавенства. Калі ж газэта паспрабавала надрукаваць артыкул пра стан псыхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі, які назыўваўся "Лукашэнка ідзе на экспэртызу", ціск на выданьне ўзмацніўся.

Менавіта тады кіраўнікі друкарні, спаслаўшыся на распараджэньне ўпраўленьня КГБ, адмовіліся друкаваць газэту. "Дэ факта" пабачыла сьвет толькі тады, калі на месцы таго артыкула надрукавалі анэкдоты. Дамовы з друкарняй не скасавалі, але са студзеня выданьне ня можа друкаваць крытычных артыкулаў.

Гэта не адзіная цяжкасьць газэты. Перш чым скасаваць дамову пра арэнду памяшканьня, газэце арыштавалі ўсе рахункі. Падатковая інспэкцыя, якая 5 разоў правярала "Дэ факта", заявіла, што выхад газэты адбываецца з парушэньнямі падатковага заканадаўства ды запатрабавала выплаціць штраф. Гэтыя захады адбіліся на супрацоўніках газэты, якія цяпер не атрымліваюць своечасова заробкаў.

Цяпер супрацоўнікі "Дэ факта" шукаюць памяшканьне — пакуль што безвынікова. Газэту сёньня набіраюць на кватэры аднаго журналіста, але ўсе разумеюць, што гэта часова.

Вынікам супрацьстаяньня "Дэ факта" і мясцовай улады стала скарачэньне накладу газэты. З прычыны фінансавых цяжкасьцяў наклад скараціўся ад 7 000 да 2 500 асобнікаў.

Не найлепшы стан у іншай незалежнай газэты — "Тыднёвіка Магілёўскага". З пачатку году яна выходзіць толькі ў Інтэрнэце, паперы няма, і газэта ня можа прадавацца ў шапіках.

Старшыня рэдакцыйнай рады "Дэ факта" Марына Ірхо кажа: "Высяленьне з гатэлю мае выразны палітычны характар. Нас даводзяць да такога стану, каб мы дрыжэлі пры любым чынавенскім вокрыку. Але здавацца мы не зьбіраемся".
XS
SM
MD
LG