Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ МЕНСКАГА ПЛЯЦУ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ МОГУЦЬ ПРЫБРАЦЬ ПОМНІК ЛЕНІНУ


Ганна Соусь, Менск

Паводле аўтараў праекту, на плошчы будзе ўсталяваны манумэнт Незалежнасьці, які несумяшчальны з помнікам Леніну.

Як распавёў Свабодзе дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Менскграда”Аляксандар Калантай, паводле іхнага праекту прадугледжана будаўніцтва манумэнта Незалежнасьці — высокая стэла будзе якраз насупраць помніка Леніну, там, дзе цяпер стаянка аўтамабіляў.

(Калантай: ) "Дзіўна, што ў Менску захаваўся помнік Леніну. Колькі было дэбатаў у 1991 годзе, ці трэба яго прыбіраць. Але ён застаўся — не было моцнага ціску з боку народу, што гэта антаганізм, што гэта недапушчальна.

Наш праект не прадугледжвае канкурэнцыі манумэнту Незалежнасьці, і скульптуру Леніна прыбяруць. Бо інакш бы ўзьнік непатрэбны дыялёг між дзьвюма зусім несумяшчальнымі рэчамі", — мяркуе Аляксандар Калантай.

Але ж, як нядаўна выказаўся на прэсавай канфэрэнцыі галоўны архітэктар Менску Аляксандар Чадовіч, "помнік Леніну ёсьць адзіным архітэктурным цэлым з Домам ураду, і парушаць гэты сынтэз ніхто не зьбіраецца". Што да адзінага цэлага, то паводле Аляксандра Калантая, на месцы помніка можна было б зрабіць добры кветнік альбо іншую кампазыцыю.

Што да рэканструкцыі плошчы Незалежнасьці як такой, то мяркуецца, што будзе скасаваны кальцавы рух транспарту, а побач з касьцёлам сьвятых Сымона й Алены ўзьнікне паркавая зона.

Праект “Менскграда” ўжо разглядала Вялікая горадабудаўнічая рада, учора яго вывучаў прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын. Што да нацыянальных адметнасьцяў праекту, то Аляксандар Калантай кажа вось што:

(Калантай: ) "Ён будзе распазнавацца як беларускі па атрыбутыцы на ўзроўні партэру першага ярусу — нейкія тэкставыя, дызайнэрскія часткі могуць быць. Што тычыцца буйных формаў, то трэба працаваць зь міжнароднай сэмантыкай дзеля ўнікальнага вобразу, гэтым самым ён аўтаматычна стане нашым, сваім, беларускім, менскім".

Рэалізацыя праекту, паводле ягоных аўтараў, зойме каля 7 гадоў. Дэмантаж помніка Леніну павінен адбыцца на адным з заключных этапаў. Магчыма, што тады ўжо ня паўстане праблемы зь пераносам помніка лідэра расейскіх бальшавікоў зь менскай плошчы Незалежнасьці на іншае месца.
XS
SM
MD
LG