Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬЛЕДЧЫ Ў СПРАВЕ ЧЫГІРА-МАЛОДШАГА НЕ ПАЦЬВЯРДЖАЕ ЗЬВЕСТАК ПРА ДЗЬВЮХ АСОБАЎ, ЯКІЯ НІБЫТА ПАСТАЎЛЯЛІ ЯМУ КРАДЗЕНЫЯ АЎТО


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня Павал Алейнікаў гэтак адказаў на маё пытаньне, ці сапраўды затрыманыя прызналіся, што прыганялі крадзеныя аўтамабілі ў гараж Чыгіра-малодшага:

(Алейнікаў: ) "Ну, я ня ведаю пакуль. Мы тут яшчэ разьбіраемся".

(Карэспандэнт: ) "Дык што, невядома, куды яны машыны прывозілі?"

(Алейнікаў: ) "Так, невядома".

Сьледчы Алейнікаў не назваў прозьвішчаў затрыманых, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва, але паведаміў, што яны грамадзяне Беларусі.

Ва ўчорашнім сюжэце БТ пра Чыгіра-малодшага паказвалі аўтамабільныя нумары грузінскага ўзору, да таго ж там фігуравалі каўказцы — гэта сьледчы камэнтаваць адмовіўся. Ён толькі заявіў, што пакуль невядома пра сувязі затрыманых выкрадальнікаў са злачыннымі групоўкамі на Каўказе.

Жонка экс-прэм'ера Юлія Чыгір лічыць агучаную ўчора Беларускім тэлебачаньнем інфармацыю чарговым захадам супраць рэпутацыі Міхаіла Чыгіра як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта.

Юлія Чыгір заяўляе, што ніхто ейнаму сыну крадзеных аўтамабіляў у гараж не пастаўляў. Іхнае паходжаньне гэткае ж, як і нібыта крадзеных запчастак.

(Ю.Чыгір: ) "Гэта сьмешна. З самім Сашам ніхто туды не прыяжджаў. Дэталь маглі падсунуць якую крадзеную, ды й тое бяз нумару — крыло якое ці то люстэрка, мо накрыўку ад баку.

Ізноў паўтараецца тая ж сытуацыя, што з Чыгіром — штодня прамыўка мазгоў. Цяпер ужо забыліся, а ў мяне ж усе гэтыя касэты запісаныя, я ўжо ня маю дзе іх трымаць, бо шмат. На іх увесь той бруд — як Чыгір нібыта купляў выбаршчыкаў, плаціў шалёныя грошы, як скраў мільёны — то адзін мільён, то пяць, то сем, то дваццаць. А неяк сказалі, што нават сто. Гэта ж мы ўжо праходзілі", — кажа маці затрыманага Юлія Чыгір.

Адвакат Аляксандар Пыльчанка не выключае, што цяпер кожнага затрыманага ў Менску аўтамабільнага злодзея будуць распытваць наконт магчымых сувязяў з Чыгіром-малодшым.

"Такія паказаньні — адзіная магчымасьць для сьледчых паспрабаваць давесьці прад'яўленыя Аляксандру Чыгіру абвінавачаньні, але мне пакуль невядома, каб нехта гэта пацьвердзіў. А тое, што ў Менску часам затрымліваюць выкрадальнікаў аўтамабіляў — яшчэ нічога не азначае", — заявіў Свабодзе адвакат Пыльчанка.

Паводле спадара Пыльчанкі, Чыгір-малодшы па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым і тлумачыць сваё затрыманьне барацьбой уладаў супраць Міхаіла Чыгіра.
XS
SM
MD
LG