Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЙСКІРХЭН І АЛІН ПРАПАНАВАЛІ Ў ВЕНЕ ПАКІНУЦЬ СЫТУАЦЫЮ БЯЗЬ ЗЬМЕНАЎ


Вольга Караткевіч, Вена

Паседжаньне Сталага камітэту пачнецца з выступу старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына недзе пасьля трэцяй гадзіны мясцовага часу (16:00 беларускага), але зранку ўжо працавала Мандатная камісія. Гэтая камісія павінная выпрацаваць рэкамэндацыі для Сталага камітэту адносна статусу беларускай дэлегацыі ў пытаньні, хто будзе прадстаўляць Беларусь у Парлямэнцкай асамблеі – “палата прадстаўнікоў” ці Вярхоўны Савет, які прадстаўляў Беларусь тут цягам апошніх чатырох гадоў.

Паседжаньне Мандатнай камісіі складалася з дзьвюх частак. Зранку прайшло адкрытае паседжаньне, на якім выступалі прадстаўнікі “палаты прадстаўнікоў”, прадстаўнікі Вярхоўнага Савету Беларусі, а таксама прадстаўнікі рабочай групы па Беларусі, якія працавалі ў Менску, і якія, у сваю чаргу, рыхтавалі рэкамэндацыі для Мандатнай камісіі.

У эксклюзыўным інтэрвію нашай рэдакцыі выступы на паседжаньні Мандатнай камісіі камэнтуе намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Тут перасякаюцца інтарэсы розных краінаў, розных групаў, і, натуральна, лёгкага рашэньня ня можа быць. Што да выступаў, дык, натуральна, што для нас быў важны выступ кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску спадара Віка. Выступ даволі грунтоўны, праўда, прапанова, якую ён зрабіў – пакінуць пустым месцам, каб гэта стымулявала і адзін, і другі бок – на наш, бок выглядае больш пазытыўнай для Лукашэнкі. Разам з тым, група, якая спэцыяльна выяжджала ў Беларусь і вывучала сытуацыю (у складзе Вайскірхэна і Аліна), зрабіла такую выснову, што кампрамісным было б такое рашэньне, каб замарозіць сёньняшнюю сытуацыю і вярнуцца да гэтага пытанеьня пасьля правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і ўжо ў залежнасьці таго, як яны пройдуць, прымаць рашэньне на наступным паседжаньні Сталага камітэту праз год.

Гэта быа лякмусавая папера, і тое, што не было відаць у Беларусі, тут праявілася – асабліва ў пазыцыі спадарыні Абрамавай і спадара Навасяда. Я думаю, што яны зрабілі тут усё мажлівае і немажлівае, каб зарэтушаваць агульную сытуацыю ў Беларусі. Ніхто зь іх не згадаў ніводную праблему, якая існуе ў Беларусі. Уся матывацыя зводзілася да таго, што выбары трэба прызнаваць і гэта будзе рух наперад.

Сваю справу тыя, хто прыяжджаў у Беларусь, зрабілі добра. Разам з тым і мы перадалі цэлы стос спэцыяльна падрыхтаваных канкрэтных дакумэнтаў. Я думаю, што адрозьненьне нашых выступаў ад прадстаўнікоў лукашэнкаўскага боку было ў тым, што мы апэравалі фактамі і канкрэтнымі дакумэнтамі. Яны рабілі нейкія агульныя высновы, якія нельга ні пацьвердзіць, ні абвергнуць, спасылаючыся на нейкія дакумэнты. Я думаю, што гэта будзе прынята да ведама сябрамі Мандатнай камісіі.

…З другога боку ідзе вялікі ціск, нават з боку кіраўніцтва Парлямэнцкай асамблеі, каб былі прынятыя рашэньні, якія ў большай ступнені адпавядаюць інтарэсам Лукашэнкі”.
XS
SM
MD
LG