Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗНЫЯ ЛІДЭРЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ КАМПАНІІ ДЫСКРЭДЫТАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Заяву падпісалі падчас сустрэчы актыву са старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімерам Ганчарыкам.

Падпісаць заяву прапанаваў старшыня прафкаму дзяржаўнага прадпрыемства “Гомельавія” Мікалай Вераб'ёў. Ён абураўся тым, што ягонай паездкай у Менск на мітынг “Заробак — на ўзровень цэнаў” цікавіліся супрацоўнікі КГБ.

Заява спадара Вераб'ёва кажа: “Апошнім часам органы выканаўчай ўлады ўзмацняюць ціск на прафсаюзы, гучаць пагрозы на адрас прафсаюзных супрацоўнікаў і актывістаў. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі разгарнулі кампанію па дыскрэдытацыі Фэдэрацыі прафсаюзаў і ейнага кіраўніцтва”.

Гэтыя сьцьверджаньні заява падмацоўвае наступнымі фактамі: стаўленьне ўладаў да акцыі пратэсту 14 лютага, ініцыяваньне перагляду без удзелу прафсаюзаў Закону “Аб прафэсійных саюзах”, непадпісаньне Саўмінам генэральнага пагадненьня, разгляд у Канстытуцыйным судзе прынятага парадку ўплаты прафсаюзных унёскаў.

У сувязі са спробамі дыскрэдытаваць прафсаюзны рух, памкненьнямі ўнесьці раскол старшыні прафкамаў заяўляюць, што “падобныя дзеяньні зьяўляюцца простым замахам на канстытуцыйнае права грамадзянаў абараняць свае эканамічныя й сацыяльныя інтарэсы, улучна з правам аб'ядноўвацца ў прафэсійныя саюзы”.

“Улада, заклікае жыць па законе, — кажа далей заява, —сама ж дэманструе парушэньне нормаў дзейнага заканадаўства, калектыўных дамоваў і пагадненьняў”.

Падпісанты перакананыя, што выканаўчым структурам ня ўдасца супрацьпаставіць галіновыя прафсаюзы адзін аднаму, падзяліць Фэдэрацыю на “добрых” і “кепскіх”.

Уладзімер Ганчарык паведаміў, што Фэдэрацыя накіравала пазоў у суд на Юр'я Азаронка — аднаго з аўтараў тэлепаклёпу, які мінулай суботай паказала дзяржаўнае тэлебачаньне. Пазовы на іншых аўтараў афармляюцца. Працягвае спадар Ганчарык.

(Ганчарык: ) "Па кожным выпадку падамо заяву ў суд — няхай апраўдваюцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG