Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОЛЯ САЦЫЯЛЁГІІ НА ШЛЯХУ ДА ДЭМАКРАТЫІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Унікальны праект пад назовам “Беларусь на парозе ХХІ стагодзьдзя: шляхі сацыяльнай трансфармацыі” ажыцьцяўляўся ад чэрвеня летась да сёлетняга студзеня.

Маніторынг найважнейшых тэндэнцыяў разьвіцьця краіны праводзілі тры незалежныя дасьледчыя цэнтры — Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), Аналітычны цэнтар “Стратэгія” і Цэнтар сацыяльных ды экалягічных дасьледаваньняў.

Кожны месяц сацыёлягі знаёмілі з вынікамі сваіх дасьледаваньняў сябраў КРДС, а потым перадавалі іх у сродкі масавай інфармацыі. Варта адзначыць, што лічбы й высновы сацыёлягаў вельмі неадназначна ўспрымалі апазыцыйныя палітыкі (асабліва напачатку).

Як адзначыў кіраўнік цэнтру дакумэнтацыі НІСЭПД Уладзімер Дорахаў, “нашым апазыцыйным палітыкам вельмі часта гаварылі камплімэнты, і калі ім пачалі гаварыць праўду, многім гэта не падабалася. Але паступова яны прызвычаіліся”.

Цяпер, як лічыць дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў, дэмакратычныя палітыкі больш уважліва прыслухоўваюцца да працы незалежных аналітычных цэнтраў.

Манаеў прывёў такі прыклад. Сацыёлягі заўважылі, што з-за шэрагу прычынаў палітычная заангажаванасьць патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта адмоўна ўспрымаецца электаратам. На падставе гэтага, пачынаючы ад лістапада, сацыёлягі даказвалі, што дэмакраты павінны вылучаць менавіта незалежнага, непартыйнага кандыдата.

“Цяпер гэта ўспрымаецца як аксыёма, а тады, у лістападзе, вакол гэтай ідэі ішлі вялікія спрэчкі”, — нагадаў спадар Манаеў. “І дарэчы, самы першы чалавек, які на гэта адрэагаваў, быў Аляксандар Лукашэнка. 6 студзеня Лукашэнка ў інтэрвію аб’явіў, што самы незалежны кандыдат — гэта ён”, — зазначыў Манаеў.

Такім чынам, відавочна, што да працы незалежных аналітычных цэнтраў ня менш прыслухоўваецца і ўлада. Праўда, публічная рэакцыя на дзейнасьць незалежных цэнтраў апошнім часам становіцца ўсё больш гістэрычнай. Дастаткова сказаць, што аналітычныя цэнтры ўсё часьцей становяцца “героямі” сумнавядомай праграмы “Рэзананс” на Беларускім тэлебачаньні.

І гэта невыпадкова. Пасьля змушанага сыходу Мілошавіча ў канцы верасьня мінулага году югаслаўскі досьвед пачалі актыўна аналізаваць як апазыцыя, гэтак і беларускія ўлады.

А ў Югаславіі надзвычай важную ролю адыгралі незалежныя сацыялягічныя дасьледаваньні. Нават назва вядомага артыкула ў газэце “Washington Post” сьведчыла пра гэта — “Мілошавіч быў скінуты з дапамогай апытаньняў грамадзкай думкі”.

Ня дзіва, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў беларускі рэжым бачыць у аб’ектыўных выніках сацыялягічных дасьледаваньняў сур’ёзную пагрозу.
XS
SM
MD
LG