Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭХУД БАРАК СЫХОДЗІЦЬ?


Юры Дракахруст, Прага

Дзейны прэм’ер Ізраілю Эхуд Барак адмовіўся ад прапановы абранага прэм’ера краіны Шарона заняць ў новым урадзе пасаду міністра абароны. Барак таксама заявіў, што сыходзіць з пасады кіраўніка Партыі працы, здае мандат дэпутата парлямэнту і наогул пакідае палітыку.

Адразу пасьля выбараў кіраўніка ўраду напачатку лютага, калі Барак атрымаў сакрушальную паразу, ён заявіў, што спыняе ўдзел у палітычным жыцьці краіны. Але праз нейкі тэрмін, нібыта, пагадзіўся заняць пасаду міністра абароны ва ўрадзе пераможцы на выбарах – лідэра правай партыі Лікуд Арыэля Шарона. Зараз Эхуд Барак ізноў вярнуўся да свайго першапачатковага намеру сысьці з палітычнай арэны.

Палітычная сыстэма Ізраілю даволі своеасаблівая – кіраўнік ураду краіны абіраецца на ўсеагульных выбарах, але для фармаваньня ўраду ён мусіць атрымаць падтрымку большасьці дэпутатаў парлямэнту. Калі стварыць такую праўрадавую большасьць немагчыма, праводзяцца новыя выбары прэм’ера.

Арыэль Шарон атрымаў на выбарах пераканаўчую перамогу, але кіраваная ім партыя Лікуд і блізка ня мае большасьці ў парлямэнце. Каб атрымаць неабходную падтрымку Шарон вымушаны прапаноўваць міністэрскія пасады прадстаўнікам іншых партыяў. Зараз ён запрашае ў кааліцыю партыю працы, якая мае вялікую фракцыю – разам з Лікудам яна забясьпечыць ураду Шарона неабходную большасьць у парлямэнце.

У правых ёсьць і іншыя варыянты. Каб не ісьці на занадта вялікія саступкі левым, прадстаўнікі Лікуду заявілі, што даюць Партыі працы тэрмін да наступнага панядзелку – у выпадку адмовы Шарон будзе фармаваць ўрад з іншымі партыямі. Але New York Times падкрэсьлівае, што ўрад без прадстаўнікоў Партыі працы будзе мець надзвычай хісткую большасьць у парлямэнце.

Імкнуцца да ўсталяваньня ўстойлівага ўраду Шарона прымушае і агульная сытуацыя – хваля палітычнага гвалту не спыняецца, Ізраіль і палестынцы фактычна вядуць неаб’яўленую вайну. У гэтых умовах новаму прэм’еру неабходнае нацыянальнае адзінства.

Але менавіта вастрыня сытуацыі і стварае цяжкасьці для дасягненьня згоды. Барак і Шарон ішлі на выбары з супрацьлеглымі праграмамі: прычынай паразы Барака стала меркаваньне грамадзкай думкі, што ён пайшоў на недапушчальныя саступкі палестынцам. Паміж дзьвюма найбольш буйнымі палітычнымі сіламі краіны існуюць і іншыя супярэчнасьці – як піша New York Times, Партыя працы незадаволеная тым, што Шарон мае намер уключыць у склад ураду скрайне правых палітыкаў.

New York Times адзначае, што са свайго боку абраны прэм’ер Шарон нарэшце палічыў, што яго супернік на выбарах Барак – хутчэй перашкода на шляху кааліцыі дзьвюх партыяў. Дарадцы Шарона пачалі весьці перамовы з іншым уплывовым лідэрам партыі працы Шымонам Перасам, высьвятляючы, ці не пагодзіцца ён стаць міністрам абароны.
Менавіта гэтыя манэўры, – піша New York Times, – раззлавалі Барака і сталі прычынай яго дэмаршу з адмовай ад міністэрскай пасады.
XS
SM
MD
LG