Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КЛЯНАВАНЬНЕ ЧАЛАВЕКА: ЗА І СУПРАЦЬ.


Віталь Тарас, Прага

Паводле старадаўняга міту, Зэўс выкраў Эўропу і пераплыў зь ёй праз мора на востраў Крыт, дзе яна распачала новае жыцьцё. Пазьнешыя філёзафы трактавалі гэты сюжэт як пераход чалавецтва ад першабытнага стану да сучаснай цывілізацыі.

Беларусі наканавана вярнуцца ў цывілізаваную Эўропу, але беларусы яшчэ толькі шукаюць сябе ў сучасным сьвеце.

У рамках перадачы Выкраданьне Беларусі мы будзем час ад часу знаёміць вас з найбольш цікавымі публікацыямі ў заходнім друку аб найноўшых дасягненьнях і праблемах новага тысячагодзьдзя. Сёньня гаворка пра клянаваньне чалавека.

Тое, што яшчэ зусім нядаўна лічылася поўнай фантастыкай – расшыфраваньне геному чалавека, альбо стварэньне ягонага дублікату – сёньня становіцца рэальнасьцю. Спэцыялісты ў галіне біятэхналёгіяў упэўненыя, што ўжо ў бліжэйшыя гады, а мабыць і месяцы, зьявіцца першы чалавек, народжаны ў выніку клянаваньня, як тая авечка Долі.

Этычныя праблемы, зьвязаныя з гэтым, абяцаюць яшчэ большы напал эмоцый, чым палеміка вакол абортаў і штучнага апладненьня. Нездарма амэрыканскі часопіс Time у адным з апошніх нумароў вынес артыкул аб клянаваньні чалавека на першую паласу.

Лічыцца, што за клянаваньне выступаюць альбо самаўлюбёныя асобы, якія хацелі б ашчасьлівіць чалавецтва сваімі копіямі, альбо нацысты, што мараць клянаваць Гітлера, ці тыя, хто жадае ўвекавечыць, у літаральным сэнсе, дыктатуру Садама Хусэйна, Кім Чэн Іра, альбо Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак уявіце на момант – прапануе аўтарка артыкулу ў Тайм Нэнсі Гібс – што вашай дачцэ патрэбная трансплятацыя касьцявога мозгу, але ніхто ня можа даць яго ў дастаковай колькасьці; што вашая жонка назаўсёды страціла здольнасьць зацяжарыць, альбо што ваша пяцігадовае дзіця ўтапілася, а вы ня можаце зьмірыцца з незваротнай стратай.

Мабыць, тады вы больш спакойна паставіцеся да факту, што навукоўцы вывучаюць магчымасць атрыманьня біялягічнай копіі чалавека тымі самымі мэтадамі, якія выкарыстоўваліся пры клянаваньні авечкі Долі?

Нядаўна вядомы спэцыяліст у лекаваньні няплоднасьці Панаёціс Завас з Унівэрсытэту штату Кентакі разам зь італьянскім дасьледчыкам Севярына Антыноры стварылі кансорцыюм ў справе атрыманьня першага чалавечага клёну.

Тым часам, навукоўцы з Паўднёвай Карэі заявілі, што ім ужо ўдалося клянаваць эмбрыён чалавека. Нядаўна зьявіліся зьвесткі пра релігійную сэкту, якая спрабавала клянаваць клеткі памерлага 10-месячнага хлопчыка, каб вярнуць яму жыцьцё як нованароджнаму. Актывісты сэкты сьцвярджаюць, што ў іх ёсьць свае лябараторыя й навукоўцы, і што самае важнае – 50 жанчынаў, падрыхтаваных да акту нараджэньня ў якасьці сурагатных маці для клянаваных дзетак.

Сам мэханізм клянаваньня не выглядае надта складаным для спэцыялістаў. Бярэцца донарская яйкаклетка, зь яе выдаляецца ядро й мацярынская ДНК, пасьля чаго яны злучаюцца, скажам, з клеткай скуры асобіны, зь якой робіцца копія. Далей з дапамогай пэўнага электрамагнітнага ўзьдзеньня перабудаваная клетка вырастае ў генэтычны дублікат.

Прыхільнікі клянаваньня чалавека даводзяць, што забарона дасьледаваньняў у галіне клянаваньня можа азначаць страту надзеі знайсьці сродкі барацьбы з такімі генэтычнымі хваробамі як хвароба Альцгеймера і паркінсанізм альбо рак і гэтак далей.

За магчымасьць клянаваньня выступаюць і асобы, якія ня маюць магымасьці мець дзяцей. Напрыклад – гомасэксуалісты.

Рэндольф Уікер, 63-гадовы уладальнік крамы ў Нью-Ёрку ў вольны час працуе прэсавым сакратаром грамадзкага Фонду клянаваньня чалавека. Ён мяркуе пакінуць клеткі сваёй скуры для будучага клянаваньня. “Калі я ня буду клянаваны да маёй сьмерці, мая маёмасьць забясьпечыць магчымасьць майго клянаваньня пасьля яе,” – гаворыць Уікер. Праўда, ён прызнае, што яму цяжка паразумецца зь юрыстамі. Большасьць зь іх глядзяць на яго як на вар’ята.

Ён ведае, што клён можа і ня быць ягонай поўнай копіяй, аднак спадзяецца, што хлопец будзе мець ўласьцівыя Рэндальфу рысы – што яму будзе падабацца блакітны колер, міжземнаморская кухня і старамодная гішпанская музыка. Уікер упэўнены: “Я магу паказаць нос сьмерці, калі яна прыйдзе, і сказаць ёй: “Ты можаш забраць мяне, але ты ня зможаш узяць мяне ўсяго.” На ягоную думку, гэта ёсьць свайго роду формула жыцьця пасьля сьмерці, амаль што перамога над ёй.

Падобныя размовы паказваюць, што людзі не зусім разумеюць магчымыя наступствы клянаваньня. На думку спэцыяліста этыкі з Пэнсыльванскага ўнівэрыстэту Артура Каплана, “ясна, што клён ёсьць іншай пэрсонай. Калі я маю блізьня, і адзін з нас загіне, для памерлага будзе слабым суцяшэньнем тое, што іншы застаўся жыць, нават калі гэта ягоная генэтычная копія. Шлях да несьмяротнасьці не пралягае праз клянаваньне.”

А вось думка вядомага беларускага філёзафа Мікалая Крукоўскага наконт клянаваньня.

(Крукоўскі: ) “Тут трэба ўлічваць два моманты. Першы – гэта пазытыўная ацэнка: гэта вялікае дасягненьне чалавечага розуму. А другое – маральны аспэкт. Ён рэзка адмоўны. Мы ня ведаем, да чаго гэта прывядзе, па-сутнасьці. Больш таго, можна сказаць, што калі ўлічваць такія ранейшыя посьпехі чалавечага розуму як адкрыцьцё атамнай энэргіі, дык мы ведаем, чым гэта скончылася – Чарнобылем. І магчыма, што можа скончыцца ядзернай вайной.

Жаданьне суцешыць, як бы ўваскрасіць, калі дазволена тут ужыць такі выраз, памерлае дзіця – дробны момант у параўнаньні з тым, чым гэта можа скончыцца ў глябальным маштабе. Мы маем страшны прыклад з атамнай энэргіяй.

Увогуле, я б сказаў, навуковыя, тэхнічныя дасягненьні, той жа Інтэрнэт, выкарыстаньне кампутараў, выразна маюць гэтыя два бакі.

У Лёс-Аламасе, калі быў зьдзейсьнены першы выбух атамнай бомбы, навукоўцы Опэнгеймер і Сцылард жахнуліся, што яны выпусьцілі д’ябла з бутэлькі. Гэта былі выдатныя навукоўцы. Яны ўмелі дасягнуць ісьціны. Гэта сапраўды была перамога чалавечага розуму. Але гэта быў страшэнны маральны пройгрыш. І толькі італьянец Фэрмі сказаў тыя славутыя словы: “Што вы тут істэрыку разводзіце? Для мяне гэта добрая фізыка”.

Дык вось, можна сказаць, што гэта добрая біялёгія, але ў маральным сэнсе гэта страшна”.

Так лічыць філёзаф Мікалай Крукоўскі. Выглядае, што згаданы ўжо Панаёціс Завас, якія абяцае стварыць чалавечы клён, падзяляе прынцып Энрыка Фэрмі. Ён гаворыць:

“Этыка цудоўнае слова, але трэба паглядзець на праблему зь іншага боку. Гэта ня толькі этычнае пытаньне. Гэта мэдычнае пытаньне. Мы маем абавязак дапамагчы людзям прайсьці ўвесь жыцьцёвы цыкль, улучна з працягам роду”.
XS
SM
MD
LG